Хойніцкаму рамонтнаму заводу – 60 гадоў!

Экономика

31 ліпеня 2018 года КВУП «Хойніцкі рамонтны завод» споўніцца 60 гадоў. Хаця, фактычна, прадпрыемства вядзе адлік сваёй гісторыі з 1 лістапада 1944 года, калі пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Хойніках была створана машынна-трактарная майстэрня.

Потым пастановай Савета Міністраў БССР № 405 ад 13 чэрвеня 1958 года на базе майстэрні быў створаны Хойніцкі рамонтны завод. Дзяржаўная рэгістрацыя прадпрыемства адбылася 31 ліпеня 1958 года. Гэта дата лічыцца днём стварэння завода. Сёння на ім працуе 57 чалавек.

Ігар Львовіч Вінаградаў, дырэктар
Кіраўніком КВУП «Хойніцкі рамонтны завод» І.Л. Вінаградаў працуе з 1 чэрвеня бягучага года. За гэты час Ігар Львовіч у поўнай меры змог ацаніць эканамічнае становішча на прадпрыемстве, магчымасці працоўнага калектыву і існуючай матэрыяльна-тэхнічнай базы, а таксама вызначыцца са стратэгіяй і тактыкай работы.
– Не буду крывіць душой, – гаворыць ён, – сённяшняя эканамічная сітуацыя на прадпрыемстве няпростая. Але ёсць і тое, што надае аптымізму.
Па-першае, існуючыя магутнасці станкоў і абсталявання дазваляюць разлічваць на выкананне намнога большых аб’ёмаў вытворчасці, чым тыя, якія мы маем сёння.
Па-другое, мяне па-добраму ўразіў настрой людзей на эфектыўную і плённую працу. Радуе і высокая прафесійная кваліфікацыя персаналу.
Значыць у нас ёсць усе магчымасці для росту, справа ў многім залежыць ад разумнай маркетынгавай стратэгіі.
Мы адзназначна маем намер захаваць профіль работы прадпрыемства – металаапрацоўка, выраб і рэстаўрацыя дэталяў, рамонт сельгасмашын і аўтамабіляў. Адной з важнейшых задач з’яўляецца актыўнае прасоўванне на рынку нашай прадукцыі і паслуг. Зразумела, што, седзячы на месцы, жаданых вынікаў не даб’ешся. За гэтыя два месяцы я ўжо пабываў на шэрагу прадпрыемстваў сталіцы нашай краіны, Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцей. Зацікаўленасць у нашых прапановах ёсць, яе трэба актыўна развіваць. Асаблівыя надзеі ўскладваем на кааперацыю з ААТ «Амкадор», Гомельскім маторарамонтным заводам, ААТ «Бабруйсксельмаш», «Бабруйскаграмаш», іншымі моцнымі ў фінансавым плане прадпрыемствамі краіны.
Маем намер пашыраць наменклатуру паслуг насельніцтву. У цэлым сітуацыя на прадпрыемстве складаная, але не безнадзейная, мы робім усё для таго, каб выправіць яе і развівацца далей.
Віншую ўсіх, хто працуе на заводзе сёння, а таксама нашых паважаных ветэранаў вытворчасці з гэтай слаўнай і знамянальнай датай, жадаю ўсім аптымізму, добрага здароўя, дабрабыту і шчасця ў сем’ях.

Алена Мечыславаўна Лагвінец, галоўны бухгалтар
Алена Мечыславаўна ўпэўнена арыентуецца ў мудрагелістым свеце лічбаў, справаздач і паказчыкаў. На заводзе яна працуе з 1994 года. Скончыла Гомельскі сельскагаспадарчы тэхнікум па спецыяльнасці «бухгалтарскі ўлік», да пераходу на рамонтны завод працавала ў раённай інфармацыйна-вылічальнай станцыі. А вось галоўным бухгалтарам прадпрыемства, на якім працавала больш за 100 чалавек, яна стала ў 1996 годзе. Як сама яна жартуе: не святыя гаршкі лепяць, успамінаючы сваю першую гадавую справаздачу. Яе Алена Мечыславаўна зрабіла цалкам самастойна, завезла ў Мінск, там прынялі і зацвердзілі з першага разу.
Потым усё ўвайшло ў звычайную каляіну. Жанчына паспяхова асвоіла камп’ютар. Хаця і сёння даводзіцца пазней затрымлівацца на рабоце, а таксама працаваць з дакументамі дома: тэрміны справаздачнасці – рэч непарушная.
У вольны час захапляецца выпечкай, радуючы родных, сяброў і калег апетытнымі пірагамі, піражкамі і іншымі прысмакамі. Выдатна атрымліваюцца ў яе варэнні (сцвярджаюць, што асабліва – абрыкосавае!), кампоты, агуркі і памідоры, іншыя закаткі.
Характэрна, што Алена Мечыславаўна верыць у будучыню завода:
– У нас здаровы, кваліфікаваны і працавіты калектыў, даўно ўжо няма лайдакоў і п’яніц, само жыццё дазволіла пазбавіцца ад іх. Таму шчыра веру, што ўсё ў нас павінна наладзіцца.

Уладзімір Арсеньевіч Іванковіч, інжынер-тэхнолаг
Уладзімір Арсеньевіч – адзін з самых кваліфікаваных і вопытных работнікаў завода. На прадпрыемства ён прыйшоў яшчэ ў 1984 годзе. Нарадзіўся ў райцэнтры Глубокае Віцебскай вобласці. У 1977 годзе паспяхова закончыў Наваполацкі політэхнічны інстытут па спецыяльнасці «тэхналогія машынабудавання, металарэжучыя станкі і інструменты». Пасля размеркавання трапіў на Мінскі дзяржаўны падшыпнікавы завод № 11, працаваў майстрам.
Потым была Савецкая Армія – 2 гады тэрміновай службы і 5 – звыштэрміновай. Пасля дэмабілізацыі і жаніцьбы пераехалі на радзіму жонкі ў Хойнікі.
На рамонтным заводзе пачынаў тэхнолагам, пасля стаў начальнікам тэхаддзела. З 1993 года займаў пасаду галоўнага інжынера.Так што працоўную біяграфію прадпрыемства ведае не па чутках.
Улічваючы той факт, што гэтаму чалавеку тут давялося папрацаваць адразу ў 4 дзесяцігоддзях, папрасіў яго пракаментаваць кожнае з іх. Уладзімір Арсеньевіч адказаў так.
– Напэўна, самым плённым і актыўным перыядам з іх была першая палова 80-х гадоў. Завод імкліва развіваўся, рос колькасна і якасна. Вось толькі некаторыя лічбы: у тыя часы штат работнікаў налічваў больш за 200 чалавек, за год мы выпускалі па 15 тысяч адрамантаваных матораў, па ўсяму СССР разыходзіліся нашы зарадныя шафы і іншая заводская прадукцыя. А галоўнае – тое, што людзі жылі справамі завода, абмяркоўвалі іх у размовах паміж сабой нават у выхадныя дні, бачылі перспектывы і рабілі ўсё для іх увасаблення ў жыццё. Некаторыя з іх працуюць на заводзе і сёння, іншых ужо няма сярод нас. Хацелася б сказаць усім вялікі дзякуй за заслугі перад родным прадпрыемствам, за вернасць яму, за шматгадовую, бездакорную і вельмі эфектыўную працу.
Потым грымнуў Чарнобыль, не стала СССР, эканамічныя цяжкасці пачаліся і ў кожнай з яго рэспублік. Як маглі, стараліся трымацца на плыву і мы: у 2013 годзе за кошт чарнобыльскіх праграм значна абнавілі прамысловую базу – набылі 3 сучасныя такарныя станкі з лічбавым праграмным кіраваннем, 2 універсальныя такарныя станкі, 5 свідравальных, новы зварачны апарат, мадэрнізавалі яшчэ 5 адзінак тэхналагічнага абсталявання. Акрамя таго, у 2016 г. у мэтах энергазберажэння набылі за кошт уласных сродкаў два сучасныя катлы, якія працуюць на мясцовых відах паліва для ацяплення цахоў і будынка заводакіравання.
Час ляціць імкліва, цяпер патрэбна больш сучаснае абсталяванне. Дай бог, каб той рост, які мы адчулі ў першым паўгоддзі бягучага, года стаў паваротным момантам у гісторыі завода.

Зоя Канстанцінаўна Міхаленка, вядучы эканаміст
Лёс гэтай жанчыны распарадзіўся так, што пасля заканчэння Глінішчанскай СШ у 1985 годзе яна скончыла Навумаўскі сельскагаспадарчы тэхнікум у Пскоўскай вобласці па спецыяльнасці «эканоміка сельскагаспадарчай вытворчасці». На радзіму Зоя Канстанцінаўна вярнулася ў 1987 годзе і стала выконваць абавязкі галоўнага эканаміста калгаса «Шлях Леніна», цэнтральнай сядзібай якога была адселеная ў 1991 годзе вёска Амелькаўшчына. Хутка дадатак «в.а.» адпаў сам па сабе і малады спецыяліст стаў поўнапраўным галоўным эканамістам. Але каварная радыяцыя не пашкадавала і гэтую, акружаную з усіх бакоў лясамі, вёску.
У 1991 годзе, пасля адсялення і ліквідацыі калгаса, З.К. Міхаленка прыйшла на рамонтны завод. У тыя часы на прадпрыемстве налічвалася 5 эканамістаў, а зараз засталася яна адна.
Зразумела, што на ёй усе эканамічныя разлікі, справаздачы па эканамічных звестках, распрацоўка бізнес-планаў, цэн на рэалізацыю ўласнай прадукцыі і яшчэ маса пытанняў вытворчага і эканамічнага характару.
Зразумела, што менавіта гэта жанчына трымае руку на пульсе ўсяго эканамічнага жыцця прадпрыемства.
– Радуе тое, – гаворыць Зоя Канстанцінаўна, – што пасля эканамічных цяжкасцей, якія давялося перанесці заводу ў апошнія гады, у 2018 годзе мы адчуваем прызнакі аздараўлення эканамічнай сітуацыі. Калі летась у нас былі страты па аб’ёмах вытворчасці (- 2 тыс. руб.), то сёлета за першае паўгоддзе мы атрымалі прыбытак 16 тысяч рублёў. Сярэдняя заработная плата па заводу з 254 рублёў у 2017 годзе ўзрасла да 395,7 руб. Вырасла выручка ад рэалізацыі прадукцыі. Ды і графік работы істотна памяняўся: у мінулым годзе мы працавалі па 4 працоўныя дні на тыдзень працягласцю 6 гадзін, а сёння завод працуе паўнацэнны рабочы тыдзень. Хацелася б адзначыць дапамогу калег з Хойніцкага завода гідраапаратуры, якія часта размяшчаюць у нас свае заказы на дэталі і вырабы.
Усе гэтыя станоўчыя тэндэнцыі ў жыцці прадпрыемства не могуць не абнадзейваць.

Наталля Уладзіміраўна Сямёнава, спецыяліст па кадрах
На прадпрыемстве Наталля Уладзіміраўна нядаўна – з 2015 года. Як сама адзначыла ў нашай гутарцы, работа яе цікавая, падабаецца. Даводзіцца, канешне, з дакументамі разбірацца, хапае работы з вядзеннем асабістых спраў работнікаў, прыёмам наведвальнікаў.
Ад яе многае залежыць у стварэнні спрыяльнага таварыскага мікраклімату. У прыёмнай звычайна збіраецца ўся інфармацыя аб становішчы спраў у вытворчых падраздзяленнях завода, людзі ідуць сюды на прыём да кіраўніка прадпрыемства і часта дзеляцца з сакратаром сваімі надзеямі і праблемамі. Выслухаць іх тактоўна, зразумець таксама патрэбна ўмець.
Акрамя таго, Наталля Уладзіміраўна зараз завочна вучыцца на ўлікова-фінансавым факультэце Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі.
Дома радуюць бацькоў хлопчыкі-трайняты. Сёлета Іван, Цімафей і Кірыл скончылі першы клас СШ № 1. Ахвотна дапамагаюць яны маці і бацьку ў іх захапленні – развядзенні туй на прысядзібным участку. Тут ужо набіраюць рост 3 пірамідальныя туі і столькі ж шаравідных. Многа на ўчастку руж, бардовых, аранжавых і белых лілей, іншых кветак.
Анатолій Мікалаевіч Цыганкоў, токар
На рамонтны завод Анатолій Мікалаевіч Цыганкоў прыйшоў у студзені гэтага года. Але да гэтага за плячыма ў яго былі 12 гадоў стажу на Хойніцкім торфабрыкетным заводзе, а таксама немалы тэрмін работы ва ўмовах Крайняй Поўначы Расіі. Так што прафесійнага вопыту гэтаму чалавеку, як кажуць, не займаць. А таму ён адразу і без праблем уліўся ў новы працоўны калектыў. Вось што гаворыць аб гэтым сам Анатолій Мікалаевіч: «Заводскі калектыў мне адразу вельмі спадабаўся: згуртаваны, дружны, усе імкнуцца дапамагчы адзін аднаму і словам, і справай. Вось і мяне сустрэлі тут вельмі дабразычліва і ветліва, таму і праблем з адаптацыяй ніякіх не ўзнікла».
Ён расказаў, што вырабляе дэталі для Хойніцкага завода гідраапаратуры, рамантуе аўтамабільныя рухавікі. Галоўнае – не ленавацца, рабіць сваю работу і дапамагаць тым, хто побач. А ў неабходны момант людзі дапамогуць і табе.
Яшчэ ў час работы на Поўначы палюбіў Анатолій Мікалаевіч праводзіць вольны час за рыбалкай, зборам грыбоў і ягад. Гэтаму захапленню ён застаецца верным і сёння.

Леанід Васільевіч Гайдук, зваршчык
Усё жыццё Леаніда Васільевіча непарыўна звязана з рамонтным заводам, на які ён прыйшоў 16-гадовым юнаком у кастрычніку 1968 года. Працаваў на агрэгатным участку, потым, з 1971-га па 1973 год адслужыў у арміі і зноў вярнуўся на рамонтны завод. Працаваў штампоўшчыкам, але асвоіў і работу на іншых станках – такарным, свідравальным, фрэзерным. А ў сярэдзіне 70-х гадоў у сувязі з расшырэннем вытворчасці завода востра спатрэбіліся зваршчыкі. Атрымаў гэтую рабочую спецыяльнасць без адрыву ад вытворчасці і болей яе не мяняў. Сёння ён мае вышэйшую кваліфікацыю – зваршчык 6 разраду. Гэта па дакументах, а на справе Леанід Васільевіч сапраўдны зваршчык-віртуоз, можа выканаць самую тонкую і складаную зварачную работу.
Навука і практыка ніколі не стаяць на месцы, і сёння на змену традыцыйнай электроднай прыйшла зварка ў вуглякіслым асяроддзі. Гэты метад дазваляе выканаць зварачныя работы больш якасна (пры ім на шву не ўтвараецца шлак, можна смела варыць тонкія металічныя лісты і дэталі, не баючыся прапаліць іх), ды і вуглякіслы газ каштуе намнога танней ацэтылену, вадароду і кіслароду. І гэтую тэхналогію Леанід Васільевіч асвоіў без асаблівых цяжкасцей і праблем. Што тут скажаш – прафесіянал!
Хаця па ўзросту ён даўно знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але ўжо двойчы яму даводзілася па просьбе кіраўніцтва вяртацца на прадпрыемства. Вось і слаўную сваю дату – 50-годдзе працоўнага стажу, якая здарыцца ў сёлетнім кастрычніку, ён па-ранейшаму сустрэне на сваім рабочым месцы. Дарэчы, усё сваё працоўнае жыццё правяла на рамонтным заводзе ў якасці кантралёра АТК і яго жонка Эмма Міхайлаўна.
Аляксей Міхайлавіч Жураў, слесар па зборцы металаканструкцый
На рамонтным заводзе Аляксей Міхайлавіч працуе з 2010 года. У 1996 годзе скончыў Хойніцкае СПТВ-183 па спецыяльнасці «аўтаслесар». Пасля яго заканчэння працаваў у калгасе «Рассвет» вадзіцелем і слесарам. Наступным пунктам яго працоўнай біяграфіі стаў рамонтны завод.
Як і многія станочнікі, А.М. Жураў – універсал, аднолькава паспяхова можа працаваць на самым розным абсталяванні і выконваць самыя розныя вытворчыя аперацыі – прасаванне, свідраванне, шліфоўку дэталяў. Зараз займаецца рамонтам і рэстаўрацыяй вузлоў і механізмаў сельскагаспадарчай тэхнікі – дыскаў, культыватараў, кормараздатчыкаў. І яго майстэрству і ўменню таксама можна пазайздросціць, а таму яму часта даручаюць самыя адказныя і важныя заданні. Работа гэтаму чалавеку падабаецца, і яе ў яго заўсёды хапае.
Па сямейнаму становішчу А.М. Жураў пакуль яшчэ халасты, вялікую частку вольнага часу праводзіць у вёсцы Лісцвін, дапамагаючы бацькам-пенсіянерам па гаспадарцы. Сам жыве ў Хойніках, у мікрараёне «Юбілейны». На работу дабіраецца на веласіпедзе. На гэтым жа відзе двухколавага транспарту любіць выбірацца за ягадамі ў лясны масіў паміж Паселічамі і Карчовым. У час такіх веласіпедных падарожжаў атрымлівае задавальненне і ад зносін з цудоўнай прыродай, і ад мышачнай нагрузкі, і ад салодкіх, духмяных і карысных дароў лесу.

Віктар НАЗАРАНКА. Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.