Яркія падворкі, шчырыя людзі

Вёсачка мая

IMG_8015Пышная зеляніна, клёкат буслоў, жытнёвыя палі, спелыя вішні, стравы з печы, першае каханне, гулянні на ўсю ваколіцу. Родная вёска. Тут ты ведаеш кожны дом, кожную сцяжынку, кожнага жыхара – усе быццам адна вялікая сям’я. Але вельмі сумна, калі гэта сям’я становіцца ўсё менш і менш…

IMG_7874Асфальтаваная стужка дарогі на гэты раз вядзе нас у вёску Куравое. Як і многія прыгожыя і квітнеючыя некалі населеныя пункты, аб якіх мы расказвалі ў нашым праекце, яна з часам збяднела – цяпер засталося 57 жыхароў, але аптымізм усяляе той факт, што з іх – 19 дзяцей. Яны – і ёсць будучае Куравога.

IMG_7875Сапраўды, праязджаючы па вуліцах маланаселеных вёсак, зрэдку ўбачыш гуляючых хлапчукоў ці дзяўчынак, а тут нам адразу сустрэўся вясёлы падлетак Ваня на веласіпедзе. Яго ўсмешка імгненна ўзняла настрой, нягледзячы нават на дожджык, які імжэў. Ды і потым на шляху трапляліся толькі шчырыя і ўсмешлівыя людзі.

IMG_7908Першая – Галіна Уладзіміраўна Тагай, якая сядзела на лавачцы каля свайго дома пад нумарам 14 па вуліцы 8 Сакавіка разам са старшынёй Велікаборскага сельсавета Алай Аляксандраўнай Кузьменка. Яны вырашалі нейкія надзённыя пытанні.

IMG_7880Галіна Уладзіміраўна родам з Вялікага Бору, яе муж Іван Якаўлевіч быў з Небытава. Сустракаліся, потым згулялі вяселле, і маці нявесты набыла ім дом у Куравым. З таго, 80-га, гэта вёска і стала для іх роднай. Муж заўсёды так і казаў: «Лепш няма дзе жыць, чым у Куравым». Жанчына 30 гадоў адпрацавала на мясцовай ферме, была перадавой даяркай. Аднавяскоўцы ведаюць яе як добрую гаспадыню. У двары жанчыны мноства прыгожых кветак – вачэй не адарваць.

IMG_8008Але такіх цудоўных падворкаў у вёсцы нямала, па іх мяне далей павяла А.А. Кузьменка. Ідзём, і старшыня сельсавета гаворыць: «Зараз зойдзем да Аляксандраўны, калісьці ў газеце пра яе ўжо пісалі, я нават запомніла назву публікацыі – «Жанчына з водарам кветак».

IMG_7955Падыходзім да першага дома па вуліцы Калгаснай, і становіцца зразумела, чаму менавіта такі загаловак быў – заўважаю вялікі кветкавы дыван, які разаслаўся за плотам. Якіх тут толькі раслін няма! Усе такія яркія, прыгожыя. Гаспадыня дома – Марыя Аляксандраўна Барысенка, доўга адмаўлялася фатаграфавацца, таму давялося літаральна «лавіць» кадры, пакуль яна паказвала незвычайныя кветкі на падворку. Дарэчы, яна таксама дваццаць гадоў працавала даяркай, а яшчэ сем – брыгадзірам на ферме.

IMG_7989Гэтай жа нялёгкай прафесіі прысвяціла жыццё і яшчэ адна працавітая жанчына – Раіса Фёдараўна Сямёнава, да якой мы таксама завіталі ў госці. У нашай размове яна ўзгадала, што раней у Куравым быў клуб, магазін, а цяпер прыязджае аўталаўка, у бальніцу ездзілі ў вёску Партызанская. Да слова, вельмі зручна было дабірацца датуль, бо аўтобус ездзіў тройчы на дзень! У школу дзеці пешшу хадзілі ў суседні Небытаў. Дружна жылі вяскоўцы. Але і зараз адчування закінутасці тут няма. Яркі драўляны плот з двух бакоў дарогі, каля дамоў многа малых архітэктурных форм, у цэнтры вёскі – вялікая альтанка для сумесных пасядзелак.

IMG_7973…І тут, ужо ў канцы нашай вандроўкі, лінуў моцны дождж. А як вядома, летні дожджык – сімвал свежасці і аднаўлення. Дык няхай Куравое і далей прыгажэе і квітнее!

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *