Імя абавязвае

Спорт

У Ельску прайшоў традыцыйны юнацкі турнір па барацьбе дзюдо памяці маёра міліцыі В.А. Акінчыца, удзел у якім прынялі  больш за 200 спартсменаў з гарадоў і раёнаў краіны. Не былі статыстамі на гэтых спаборніцтвах пасланцы Хойнікшчыны – у актыве нашых юных землякоў 7 першых, 2 другіх і 4 трэція месцы.

Сярод дзюдаістаў малодшай узроставай катэгорыі (1997-1999 гадоў нараджэння) пераможцамі турніру сталі Захар Бордак, Васілій Сінгаеў і Ягор Карась. Другое месца ў актыве Антона Вінніка (усе з СШ № 3), трэція прызёры – Павел Шырчанка (Хойніцкая дзяржаўная гімназія) і Антон Вараб’ёў (СШ № 3).

Выдатна выступілі хайнічане і ў старэйшай узроставай катэгорыі. Тут не было роўных цёзку расійскага прэзідэнта Дзмітрыю Мядзведзеву (імя ж абавязвае!), Ягору Аўдзеенку (абодва з СШ № 1), навучэнцу дзяржаўнай гімназіі Станіславу Турчанку і вучню СШ № 3 Івану Баляхіну. З дыпломамі за трэцяе месца дамоў вярнуліся Мікіта Ледзянёў (СШ № 1) і Мікалай Малашкін (гімназія), сярэбраным прызёрам спаборніцтваў стаў Мікалай Шэймовіч (СШ № 1).

Асабліва варта адзначыць выступленне Захара Бордака, які ва ўсіх пяці сваіх паядынках “іпонам” атрымаў датэрміновыя перамогі. Трэба адзначыць С. Турчанка і І. Баляхіна: і Станіслаў, і Іван вялі барацьбу з сапернікамі, узростам на два гады старэй і, тым не менш, сталі пераможцамі ў сваіх вагавых катэгорыях.
У камандным заліку хойніцкія спартсмены занялі другое месца, прапусціўшы на першае дзюдаістаў абласнога цэнтра алімпійскіх адзінаборстваў.


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *