Жывая сувязь пакаленняў


24 верасня спаўняецца 90 год з таго часу, як І Усебеларускі з’езд камсамола арганізацыйна аформіў стварэнне Камуністычнага Саюза Моладзі Беларусі (КСМБ). Рэзалюцыя з’езда падкрэслівала, што КСМБ з’яўляецца непарыўнай часткай Расійскага Камуністычнага Саюза Моладзі, а ў чэрвені 1924 года рашэннем VІ з’езда РКСМ арганізацыі было прысвоена імя У.І. Леніна – ВЛКСМ, ЛКСМБ – Ленінскі Камуністычны Саюз Моладзі Беларусі – самай масавай грамадскай арганізацыі, якая прайшла нялёгкі шлях і адыграла значную ролю ў гісторыі нашай Радзімы. Мільёны юнакоў і дзяўчат прайшлі камсамольскую школу. На іх долю выпала самае важнае – абараняць Айчыну, аднаўляць разбураную вайной гаспадарку, уздымаць цаліну, будаваць БАМ…
Аб мінулым і сучасным маладзёжнага руху з важакамі Хойніцкай раённай маладзёжнай арганізацыі наша бліц-інтэрв’ю.



Віктар Сцяпанавіч Васькевіч, былы першы сакратар Хойніцкага РК ЛКСМБ:

– Камсамольскія гады – гэта самая яскравая старонка майго жыцця. Гэта – мая маладосць. Першым сакратаром райкома камсамола быў абраны ў 1975 годзе і ўзначальваў раённую камсамольскую арганізацыю да 1979-га, а затым перайшоў на партыйную работу.

Успамінаю, з якім запалам і энтузіязмам мы рыхтавалі і праводзілі розныя мерапрыемствы: спартыўныя, культурныя. На перыяды адказных сельскагаспадарчых кампаній ствараліся маладзёжныя фарміраванні, паміж якімі разгортвалася дзейснае сацыялістычнае спаборніцтва. У той час вельмі папулярнымі былі конкурсы прафесійнага майстэрства, у якіх самы актыўны ўдзел прымалі камсамольцы.

Дзякуючы непрымірымай пазіцыі камсамольскіх арганізацый не было сярод моладзі п’янства, прапагандаваўся здаровы лад жыцця не на словах, а справамі.

Цяперашнім арганізатарам і актывістам маладзёжнага руху жадаю творчага пошуку і энергіі ў важнай і высакароднай справе выхавання падрастаючага пакалення, а камсамольцам майго і іншых пакаленняў – здароўя, аптымізму, шчасця ў дзецях, унуках і праўнуках.


Людміла Аляксандраўна Гаркуша, першы сакратар райкома ГА “БРСМ”:

– Не адышлі ў небыццё выдатныя справы камсамола. Лепшыя традыцыі яго захоўвае і прымнажае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Узноўлены студэнцкія атрады, працоўнае спаборніцтва. Мэтанакіраваная работа пярвічных арганізацый БРСМ дазваляе вярнуць у маладзёжнае асяроддзе пачуццё калектывізму і высокай грамадзянскай адказнасці.

Зараз на тэрыторыі раёна пражывае 4587 маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 31 года. Створаны і дзейнічаюць 55 пярвічных арганізацый БРСМ з агульнай колькасцю 1204 чалавекі. Пераважная большасць іх – гэта актыўныя ў грамадскім жыцці  людзі, старанныя працаўнікі.У ліку вядучых напрамкаў дзейнасці раённай арганізацыі БРСМ – грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі, прапаганда здаровага ладу жыцця, стварэнне ўмоў для актыўнага ўключэння юнакоў і дзяўчат у сацыяльна-эканамічнае  жыццё, прадастаўленне магчымасцей для самарэалізацыі, набыцця працоўных навыкаў, арыентацыя на пазітыўныя каштоўнасці праз дзейснае далучэнне ў работу па прафілактыцы супрацьпраўных паводзін. Значная ўвага ўдзяляецца папулярызацыі ведаў моладзі аб родным краі, паглыбленаму вывучэнню гісторыі і традыцый народа, захаванню і рацыянальнаму выкарыстанню прыродных рэсурсаў, добраўпарадкаванню тэрыторый. Сучасныя маладыя людзі павінны цаніць мінулае, клапаціцца аб цяперашнім і будучым развіцці Беларусі.


Запісаў Уладзімір ДАЛГАЛЫЧАНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *