І зноў грэць боршч…

Вёсачка мая

img_5077Ідуць дажджы – заплаканыя вокны. Апошняя пазалота злятае з абсвістаных ветрам дрэў. Трапешча, дрыжыць асіна. І толькі стройная рабіна не здымае каляровую шаль з плеч. Здавалася б, звычайны кастрычніцкі пейзаж, але ў спрэчку з восеню-царыцай уступіла паважная зіма, у жоўта-аранжава-бардовае адзенне зямлі дабавіўшы белых фарбаў – нечакана выпаў снег. На вуліцы холадна і вільготна, таму ўсе хаваюцца па сваіх дамах. Лісцвін, куды мы накіраваліся на гэты раз, здаўся вельмі сумным і маркотным, але гэта толькі спачатку.
img_5002Знаёмлюся з жыхарамі вёскі. Першая хата, куды мы наведаліся – Ганны Іванаўны Даўжэнка. Родам яна з Петраша. У калгасе пазнаёмілася з мужам, калі ёй было дзевятнаццаць гадоў ажаніліся і яна пераехала сюды, у Лісцвін. Дом Ганны Іванаўны адразу кідаецца ў вочы – пальма з пластыкавых бутэлек, малпы, бананы, лебедзі – нават у такое шэрае надвор’е ўсё выглядае вельмі ярка і маляўніча. Уся гэта прыгажосць – справа ўмелых рук сыноў Сяргея і Аляксандра, дапамагаў ім зяць Аляксандр. Усяго ў жанчыны пяцёра дзяцей, восем унукаў і чатыры праўнукі. Муж Г.І. Даўжэнкі быў сталяром з залатымі рукамі, сынам, відаць па ўсім, уменне майстраваць перадалося па спадчыне.

img_4988Сама ж бабуля выдатна вышывала, мае вялікую колькасць цудоўных абрусаў, посцілак, рушнікоў і інш. Дочкі таксама сталі рукадзельніцамі, праўда, больш любяць вязаць. Кофты, камізэлькі, шкарпэткі вяжуць і прывозяць маці.
img_4978Вялікую гаспадарку Ганна Іванаўна ўжо не трымае – верны ахоўнік сабака Лайка, беласнежная кошка Каця, ды куры. Садзіць недзе трыццаць сотак агароду, многа садавіны і гародніны закатвае. Любімая страва жанчыны – бульба. Цудоўна ў яе атрымліваюцца і булкі з печы.
img_5017Многа аб чым мы гаварылі з Ганнай Іванаўнай: і пра клуб, які стаяў насупраць яе хаты і збіраў усю моладзь, і пра свінней, якіх вырошчвалі на ферме, і нават пра штраф, які ёй далі за пячную трубу, хаця яна і ўхіліла недахопы.
img_5049Шмат тэм абмеркавалі і ў наступнай хаце, дзе жыве сям’я Амельчанкаў. У іх я наогул «засела» на дзве гадзіны. Калі зайшла ў дом, Серафіма Іванаўна падагравала боршч. За час нашай гутаркі ён паспеў зноў стаць халодным. Бабуля родам з вёскі Дворышча. Дзевятнаццаць гадоў працавала цялятніцай, а потым пятнаццаць кухонай рабочай. У сям’і іх было васьмёра дзяцей, Серафіма – старэйшая. Многа складанасцей прыпаднёс ёй лёс. Ездзіла на вербоўку ў Баку, дзевяць месяцаў была ў экспедыцыі ў Кустанайскай вобласці, паўтара гады жыла ў Калінінградскай. Працавала-працавала, асабістае жыццё неяк адышло на другі план. І вось у 42 гады яна пазнаёмілася з Мікалаем Міхайлавічам Амельчанкам. У яго таксама жыццё было насычаным і ў свае тады 40 гадоў, ён заставаўся халастым. «Убачыліся раз, другі, а на трэці ажаніліся», – узгадвае сямейная пара.
img_5067Мікалай Міхайлавіч быў вельмі паважаным чалавекам – трыццаць чатыры гады адпрацаваў начальнікам ваенна-справаздачнага стала Паселіцкага сельвыканкама. Ён так заўзята расказвае аб службе ў арміі, як быў загадчыкам артузбраення і боепрыпасаў, як вучыўся ў Рудакоўскім вучылішчы, як работаў у камсамольскай арганізацыі. Тут не тое, што адной публікацыі – цэлай газеты не хопіць на ўсё ўспаміны цікавага субяседніка. Серафіма Іванаўна седзячы побач са мной на стуле перыядычна ціхенька дадавала: «Заначуеце ў нас.

img_5041Ён можа гэта ўсё бясконца расказваць». Яно і зразумела: распавесці ёсць што і ёсць, чым ганарыцца. Усе заслугі нават пералічыць складана і аб кожнай з іх Мікалай Міхайлавіч расказвае са слязамі на вачах. Ён і сёння ходзіць у куфайцы (хаця яна ўжо ўся рваная), якую яму некалі ўручыў сам Леанід Ільіч Брэжнеў. Запрашалі яго і на ўрачысты сход, які праводзіў Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў. Беражліва захоўвае дзядуля часы, якія падарыў яму Пётр Міронавіч Машэраў. Аднойчы яму далі прэмію ў памеры двухсот рублёў ад Гомельскага аблвыканкама. Тады гэта былі вялікія грошы.
img_5051Гутарка з М.М. Амельчанкам атрымалася вельмі цікавай. Асабліва пранікнённа ён расказваў пра свайго бацьку, які памер ад ран на фронце і якім ён вельмі ганарыцца. За акном ужо пачынала цямнець і як бы не было шкада, трэба развітвацца. А гаспадарам – зноў грэць боршч…

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *