У будучае — з альтэрнатыўнай энергетыкай

Образование

Згодна з Дырэктывай № 3 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы” да 2012 года наша рэспубліка павінна забяспечыць не менш чым 25 працэнтаў аб’ёму вытворчасці электрычнай і цеплавой энергіі за кошт выкарыстання мясцовых відаў паліва, другасных энергетычных рэсурсаў і альтэрнатыўных крыніц энергіі.

Адной з важнейшых задач у гэтай сферы з’яўляецца падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў і інфармаванне насельніцтва ў галіне энергазберажэння.

Значную работу ў гэтым напрамку праводзіць Міжнародны дзяржаўны экалагічны універсітэт імя А.Д. Сахарава, у структуру якога ўваходзіць і Хойніцкі рэгіянальны навучальна-інфармацыйны цэнтр па праблемах радыяцыйнай бяспекі. На базе яго 2 красавіка прайшоў інфармацыйна-асветніцкі семінар на тэму “Энергазберажэнне і ўзнаўляльныя крыніцы энергіі. Метады і сродкі навучання”. Мерапрыемства праводзілася ў рамках праекта “Павышэнне інфармаванасці настаўнікаў і вучняў школ Гомельскай вобласці аб перспектывах выкарыстання альтэрнатыўных крыніц энергіі ў Беларусі”, які рэалізуецца пры падтрымцы офіса АБСЕ ў г. Мінску.

Уступным словам адкрыў семінар дырэктар Хойніцкага РНІЦ А.А. Сліжыкаў. Перад зацікаўленай аўдыторыяй, якую прадстаўлялі настаўнікі і вучні ўсіх раёнаў Гомельскай вобласці, выступілі рэктар МДЭУ імя А.Д. Сахарава С.П. Кундас і прадстаўнік АБСЕ Ю. Шэнк. Намеснік старшыні райвыканкома А.М. Іўкова расказала гасцям аб тым, што ўяўляе сёння Хойніцкі раён, найбольш пацярпеўшы ад чарнобыльскай катастрофы, як дынамічна развіваецца ён ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі.

Цікава, з дэманстрацыяй слайдаў расказваў аб падрыхтоўцы спецыялістаў-эколагаў у МДЭУ прарэктар па навуковай рабоце А.І. Родзькін. Адзначыў пры гэтым, што сёння ў гэтай ВНУ паспяхова вучацца шэсць прадстаўнікоў Хойніцкага раёна.

Выкладчык універсітэта, былы яго студэнт, А.А. Буцько прэзентаваў прысутным навукова-дэманстрацыйную лабараторыю МДЭУ па ўзнаўляльных крыніцах энергіі і энергазберажэння. Асаблівую зацікаўленасць у вучняў і настаўнікаў выклікаў прыбор піранометр-вызначальнік радыяцыі сонечнай актыўнасці, з яго работай можна было азнаёміцца кожнаму. Распрацаваны калектывам універсітэта і ўкараняюцца ў практыку вымяральны комплекс “Бэта-гама-лічыльнік выпраменьвання чалавека”, электронны парамагнітна-рэзанансны (ЭПР) аналізатар для ранняй дыягностыкі анкалагічных захворванняў і інш.

Аб перспектывах развіцця ўзнаўляльнай энергетыкі на глабальным і рэгіянальным узроўнях гаварыў выкладчык МДЭУ С.С. Пазняк. Адзначыў, што пашырэнне інфармаванасці дзяцей і моладзі  аб выкарыстанні альтэрнатыўных крыніц энергіі дазволіць у вялікай ступені забяспечыць устойлівае развіццё краіны.

Экскурсія для ўдзельнікаў семінара была арганізавана на ПУП “Палескія сыры”, дзе набыта ўстаноўка па вытворчасці электрычнай энергіі з рапсавага масла. Тут жа ўсе змаглі даведацца аб выпускаемых малочных вырабах і пакаштаваць іх, наведаць фірменны магазін прадпрыемства і купіць спадабаўшыеся прадукты.

Таксама з вялікай цікавасцю госці нашага горада азнаёміліся з экспазіцыямі раённага краязнаўчага музея.

Пасля пераезду ў РНІЦ прайшла прэзентацыя ілюстраванай брашуры “Мы выбіраем будучае з альтэрнатыўнай энергетыкай” і СД-дыска па ўзнаўляльных крыніцах энергіі для настаўнікаў і вучняў школ.


Клаўдзія БОСАК.


МЕРКАВАННЯМІ  ДЗЕЛЯЦЦА  ЎДЗЕЛЬНІКІ  СЕМІНАРА


С.П. Кундас, рэктар Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага універсітэта імя А.Д. Сахарава:

– У сувязі з тым, што Хойніцкі РНІЦ па праблемах радыяцыйнай бяспекі з’яўляецца структурным падраздзяленнем ВНУ, у ваш горад я прыязджаю даволі часта. А сёння мне пашчасціла пазнаёміцца і мець гутарку са старшынёй райвыканкома А.В. Бічаном. Прыняў прапанову кіраўніка раёна адкрыць на базе цэнтра лабараторыю для даследаванняў прадукцыі на стронцый. Праблему можна вырашыць пры падтрымцы Дэпартамента Рэспублікі Беларусь па чарнобыльскіх праблемах. Слушная прапанова і наконт адкрыцця тут філіяла універсітэта па завочнай форме навучання дзеля замацавання спецыялістаў-эколагаў.

Л.Ф. Кулакоўская, начальнік аддзела адукацыі райвыканкома:

– Абмяркоўвалася вельмі важная тэма, якую прадстаўнікі школ данясуць у свае калектывы. Асобна хочацца падзякаваць кіраўніцтву універсітэта за інфармацыйную і даведачную літаратуру.

Л. Смалякова, вучаніца СШ № 21 г. Гомеля:

– Заканчваю школу ў будучым годзе. Аб спецыяльнасці эколага ведала і раней. А даведаўшыся аб вялікім спектры прафесій,  якія дае МДЭУ імя А.Д. Сахарава, зарадзілася думка аб паступленні менавіта ў гэту ВНУ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *