Пад будучы ўраджай

Сельское хозяйство

Восеньскае ворыва – адна з першых агратэхнічных аперацый пры закладцы будучага ўраджаю сельскагаспадарчых культур. Уздым зябліва дазваляе з’эканоміць час і паліва пры правядзенні вясенніх пасяўных работ, дапамагае ў барацьбе са шкоднікамі раслін і пустазеллем. Усяго па раёну ворыўныя работы запланавана правесці на плошчы 8762 гектары, па стану на 1 лістапада яны выкананы ўжо больш чым на чвэрці запланаваных сельгасугоддзяў – на 2350 гектарах.



Найбольш актыўнымі тэмпамі ўздым зябліва вядзецца ў сельгаспрадпрыемствах «Аравічы» (600 га), «Стралічава» (440 га), «Веляцін» (335 га). Штодзённа механізатары гаспадарак выконваюць ворыва на плошчы не менш чым 30-50 гектараў зямель.



Завяршаецца і ўборка кукурузы на зерне. На першы дзень лістапада яе закончылі ўжо 6 гаспадарак раёна, апошнія гектары дамалочваюць у ААТ «Хойніцкі Аграсервіс» і эксбазе «Стралічава».  Механізатары апошняй гаспадаркі ўпэўнена ідуць наперадзе па валаваму намалоту кукурузнага зерня – 1349 тон, і гэты паказчык яшчэ не канчатковы. Самая высокая ўраджайнасць атрымана ў сельгаспрадпрыемстве імя Мележа, дзе кожны гектар даў па 92,5 цэнтнера кукурузы з гектара. Выдатны збор кукурузнага зерня забяспечылі ў сельгаспрадпрыемствах «Веляцін» (84,1 ц/га), «Стралічава» (71,4 ц/га), «Аравічы» (70,9 ц/га).
Агульны намалот па раёну набліжаецца да 4 тысяч тон  (3950 т), сярэдняя ўраджайнасць – 59,4 цэнтнера з гектара.


 


Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *