Беларусь турыстычная: гарналыжны цэнтр «Сілічы», Лагойскі раён, Мінская вобласць

Беларусь турыстычная

Расказвае Максім Косараў:

– Такую карысную ва ўсіх сэнсах паездку арганізаваў для работнікаў сваіх участкаў прафсаюзны камітэт ААТ «Мілкавіта». Пабывалі ў рэспубліканскім гарналыжным цэнтры і работнікі нашага Палескага вытворчага ўчастка, у тым ліку і я.

Адзначу, што эмоцыі моцныя, уражанні – бясконцыя. Сёння, калі здароваму ладу жыцця надаецца вялікае значэнне, а прафсаюзныя камітэты прыкладваюць намаганні, каб заахвоціць работнікаў займацца спортам, – такія паездкі не толькі дораць тыя самыя здароўе і настрой, але і аб’ядноўваюць калектывы, замацоўваюць карпаратыўны дух. Добра адпачнеш – яшчэ выдатней папрацуеш.

Да цэнтра мы ехалі на камфартабельным аўтобусе, які быў арэндаваны галаўным прадпрыемствам. Мы накіраваліся за ўражаннямі.

Сілічы можна назваць візітнай карткай нашай краіны. Аднак, адна справа – чуць аб гэтым, зусім іншая – пабываць там самому. Многія з нашай каманды ўпершыню былі і ў Сілічах, і на сноўборд таксама сталі ўпершыню. Інструктараў свабодных было мала. Аднак пасля першай дзясяткі падзенняў неяк прынаравіліся, паглядзелі, як хто катаецца, як трымаецца, і свае тры гадзіны адкаталіся што называецца «на ура».
Чыстае паветра, лясны масіў, прыгожы ландшафт гэтага жывапіснага месцы прывабліваюць мноства прыхільнікаў спорту і здаровага ладу жыцця. Дарэчы, гарналыжны цэнтр унікальны тым, што можа прымаць гасцей у любую пару года, не толькі зімой. Аднак менавіта зімой можна атрымаць адрэналін па максімуму. Нішто не зроўніцца па эмоцыях з момантам, калі «ляціш» па трассе.

Чым адметны Сілічы зімой? Гэта самый вялікі перапад вышынь у Беларусі, 9 дзеючых гарналыжных трас рознай складанасці, чатырохмясцовая канатная дарога. Чаго там толькі няма: бегавыя лыжы, сноўборд, канькі, горныя лыжы. Усё даступна для дзяцей і дарослых. Комплекс паслуг вялікі, аднак сумаваць не давядзецца нікому. Прыязджаць у Сілічы можна не толькі каб пакатацца, там можна і адпачываць (для гэтых мэт і катэджы, і гасцініцы ёсць, можна забраніраваць нумар ці месца), ёсць комплекс аздараўленчых працэдур, бані, СПА.

Так як паездка наша адбылася ў суботу, то людзей у гарналыжым цэнтры было многа. Пэўны час, канешне, заняло афармленне. Мы выбралі комплекс «усё ўключана» – гэта тры гадзіны катання на ўсіх горках і ўсіх трасах. Чым больш часу «купляеш», тым танней у выніку абыходзіцца катанне. Іншыя забавы (каток, лыжы) у гэты раз пакінулі без увагі. Магчыма, у наступны раз!

Беларускі гарналыжны курорт «Сілічы» увайшоў у тройку лепшых у СНД па выніках рэйтынгу агенцтва «ТурСтат». Рэйтынг складаўся на аснове дадзеных сістэм онлайн-браніравання гатэляў на будучы зімовы сезон – з 1 снежня 2017 года па 28 лютага 2018 года. Лідэрам рэйтынгу стаў казахстанскі гарналыжны курорт Чымбулак. На другім месцы – курорт Шахдаг (Азербайджан), на трэцім – Сілічы (Беларусь). Ім саступаюць зімовыя комплексы Цахкадзор (Арменія) і Чимган (Узбекістан). У ТОП-10 рэйтынгу таксама ўваходзяць кіргізскі Каракол, Лагойск у Беларусі, Туфандаг (Азербайджан), «Алтайскія Альпы» у Казахстане. Дзесятку лідэраў замыкае яшчэ адзін беларускі гарналыжны курорт – парк актыўнага адпачынку «Якуцкія горы». Так што, усе на лыжы і сноўборды!

Запісала Вольга БЕЛАШ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *