Хвалю, люблю, захапляюся

Год малой радзімы Родныя мясціны: грэюць душу ўспаміны

Старшыня Хойніцкага райвыканкама Анатолій Уладзіміравіч Бандарэнка:

– Што для мяне малая радзіма? Гэта ўсё. Нават цяжка словамі перадаць усе тыя пачуцці, якія звязваюць мяне з вёскай Пудакоў. Бязмежная пяшчота…
Гэта ж і мілая сэрцу бацькоўская хата, і вясёлае дзяцінства, і блізкія людзі. Там я ведаю кожную сцяжынку, кожнае дрэўца, кожны пагорак. І кожнае месца тоіць у сабе прыемныя ўспаміны.
Наша прыгожая вёсачка, прытаіўшыся паміж пышных дрэў, жыве сваім спакойным жыццём. Раней тут было больш за паўтысячы жыхароў – усе, як адна вялікая сям’я. А цяпер толькі 56. Я люблю непаўторную вясковую атмасферу – калі зімой з комінаў хат віецца дымок, а ў грубцы патрэскваюць дровы; буслінае гняздо на слупе і свежае паветра, як раніцай зару будзіць певень і пошчакі птушак.
А як дружнай талакою хадзілі ў Веляцінскую школу, а пасля ўрокаў разам «ганялі» па вуліцы! Забаў у дзяцінстве было шмат. З сябрамі любілі гуляць у хакей на бліжэйшых азярцах «Білейкаўка» і «Дзедава яма». Замест клюшак бралі галіны дрэў, а ў якасці шайбы выкарыстоўвалі баначку ці каменьчык. Мы «коўзаліся» па гарбатым лёдзе і «бартавалі» адзін аднаго ў рыхлыя гурбы. І было гэта надзвычай весела і захапляльна. Яшчэ падабалася катацца на крыгах (кавалках лёду) – дзецьмі ж небяспеку не адчувалі. Акрамя таго, гулялі ў «вайнушку», капалі зямлянкі, хадзілі разам купацца, ставілі петлі на зайца, хаця толкам і не ўмелі іх рабіць. Цікава было «лазіць» у старым клубе і каля ветранога млына. Дарэчы, мы і зараз тое месца называем «за млынам».
Лепшымі былі прыродныя ласункі – ягады і садавіна. Да слова, у вясковым парку дагэтуль расце яблыня, якая шчодра частавала самымі смачнымі, салодкімі пладамі. Прыгожа, калі ў майскія дні яблынькі, слівы і грушы патанаюць у квецені. Вабіць і салодкі пах чаромхі, бэзу. Наогул вельмі люблю вясну – час абуджэння прыроды, калі на дрэвах з’яўляюцца першыя лісточкі, зелянее трава, а наваколле пачынае стракацець яркімі фарбамі. У мінулым побач з вёскай рассцілаўся вялікі сад. Але час бяжыць, мяняецца многае: адно знікае, іншае з’яўляецца. Вось і Пудакоў сёння можа пахваліцца сучасным малочнатаварным комплексам.
Сям’я ў нас вялікая – бацькі і сямёра дзяцей. Як і многія пудакоўцы, трымалі гаспадарку – курэй, свіней, кароў. Усе хатнія справы выконвалі разам. Клопатаў хапала. Я шчыра ўдзячны сваёй маці і бацьку за тое, што выхавалі мяне і «пусцілі» ў самастойнае жыццё. Заробкі былі не вялікія, а мы, чацвяра дзяцей, адначасова вучыліся ў тэхнікуме, акадэміі, але кожнаму дапамаглі, падтрымалі. Як у іх гэта атрымлівалася – дагэтуль не разумею. Бацькі імкнуліся заўсёды даць сваім дзецям усё самае лепшае. І таму душой я назаўжды звязаны з імі і нашым домам па вуліцы Савецкай.
Уздзвіжанне Крыжа Гасподняга – гэта прастольнае свята ў нашай вёсцы. 27 верасня мы збіраемся ўсёй сям’ёй за вялікім сталом. І такія імгненні, у коле родных, самыя каштоўныя і шчаслівыя. Матуля гатуе выдатныя торты. А калі ўвогуле гаварыць пра стравы, то я вельмі люблю ўсё з печы. Гэта сапраўдны смак малой радзімы. Такія ў газавай духоўцы не атрымліваюцца. Бульба, баршчы, бліны, бабка – духмяныя і з непаўторным смакам. У абед, калі садзіліся за стол, даставаўся з печы чыгунок з апетытнай залацістай коркай, мама кожнаму накладвала ежу па талерках. Такую смакату трэба яшчэ пашукаць… Ды і смак квасоўкі памятаю і цяпер.
На Вялікдзень пеклі булкі. Раней, у маім дзяцінстве, на ўсяночную ля вогнішча збіралася разам палова вёскі. Пелі песні, жартавалі, смажылі на агні хлеб, бульбу, сала. Усё было дружна, душэўна, каларытна.
Я любіў хадзіць да бабулі з дзядуляй, якія жылі непадалёку. Дзед мяне многаму цікаваму навучыў, напрыклад, прывіваць дрэвы. На яблынях у яго было па два-тры розныя гатункі. А яшчэ яны разводзілі трусоў, мне падабалася з імі завіхацца.
На Радаўніцу з’язджалася шмат людзей. Заходзілі ў госці, узгадвалі цікавыя пудакоўскія гісторыі, расказвалі, хто і як жыве зараз. У гэтыя дні вёска абуджалася.
Побач з намі жыў Віктар Пятровіч Зелянкоўскі, ён умеў рабіць свістулькі з вярбы. Раздаваў дзецям – і шчасцю не было межаў. А яшчэ адна суседка – Марыя Іванаўна Зелянкоўская вельмі любіла спяваць, яна ніколі не маркоцілася. Наогул, усе нашы жыхары былі пазітыўныя і шчырыя. Дарэчы, Бандарэнкі і Зелянкоўскія – самыя распаўсюджаныя прозвішчы ў вёсцы.
Разам на заліўных лугах нарыхтоўвалі сена для сваёй жывёлы. Таму і цяпер, калi чую пах сена, дык адразу згадваю маленства і юнацтва. Цяжка было ўсё рабіць уручную. Працавалі, як кажуць, да апошняга поту, які тады засведчваў соль сялянскага жыцця. Калі чытаю «Людзі на балоце» нашага славутага Івана Мележа, шмат радкоў мне нагадваюць аб маім родным Пудакове.
Любіў, ды і зараз люблю хадзіць на рыбалку. Гэта захапленне для душы з дзяцінства. А яшчэ раней усёй сям’ёй хадзілі ў грыбы. З кошыкамі гуляць па лесе любілі ўсе – і дзеці, і дарослыя. Нават ладзілі спаборніцтвы, хто больш назбірае.
З гістарычных крыніц і па расказах мясцовых жыхароў ведаю, что раней у Пудакове былі птушкаферма, аўчарня, вялікая агародніцкая брыгада працавала. Ужо пры маёй памяці меліся магазін і школа-чатырохгодка.
Мноства ўспамінаў звязана менавіта з дзяцінствам. Пасля дзявятага класа паступіў у аграрны тэхнікум, пасля вучыўся ў Горацкай акадэміі. Працаваў аграномам у КСУП «Веляцін». З раніцы і да позняга вечара быў на палях, якія таксама мая радзіма.
Бацька мой усё жыццё працуе вадзіцелем. Яго рабочаму «ГАЗу» больш за трыццаць гадоў, а ён, дзякуючы добраму гаспадару, і сёння шпарка «лётае» па палях і дарогах. Раней мы з братамі і сёстрамі дапамагалі яму рамантаваць жалезнага «карміцеля». Так, разбіраліся нават дзяўчынкі. А я так добра вывучыў гэтую аўтамашыну, што без роздумаў здаў экзамен па механізацыі ў акадэміі.
Многаму мяне навучылі ў Пудакове, там я вырас такім, які ёсць. І мая родная вёска для мяне самая лепшая. Кажуць, кожны кулік сваё балота хваліць. Хвалю, люблю, захапляюся.

Запісала Наталля ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *