КСУП «Веляцін»: стаўка – на сучасныя тэхналогіі

Сельское хозяйство

Камунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства «Веляцін» – гаспадарка, якая актыўна і дынамічна развіваецца, мае сучасную матэрыяльную базу вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі, добрыя перспектывы на будучае, а галоўнае – тут ёсць усе магчымасці для іх паспяховага пераўтварэння ў жыццё. І ў Год малой радзімы, як, дарэчы, і ў мінулыя гады, людзі настроены на плённую і высокаэфектыўную працу.

Сельгаспрадпрыемства «Веляцін» на сённяшні дзень мае 5271 гектар сельгасугоддзяў, з якіх 3150 га – ворыва. Сярэдні бал сельскагаспадарчых угоддзяў – 30,6.
Пагалоўе грамадскага статка – 3667 галоў жывёлы, у тым ліку – 1414 кароў.

Аляксандр Пятровіч Краўчанка – в.а. дырэктара КСУП «Веляцін»
Нарадзіўся ў аграгарадку Чамярысы Брагінскага раёна. У 2014 г. закончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці «тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчай вытворчасці».
У КСУП «Веляцін» з 17 мая 2017 года.
– Асноўнымі спецыялізацыямі нашай гаспадаркі з’яўляюцца вырошчванне збожжавых, зернебабовых і кармавых культур, рапсу, вытворчасць малака і мяса.
У галіне раслінаводства стаўку робім на павышэнне эфектыўнасці выкарыстання земляў. Для правядзення ўсіх відаў палявых работ у нас ёсць уся неабходная тэхніка: высокаэфектыўныя энерганасычаныя трактары, прычапныя і навясныя машыны і механізмы. На будучае плануем паступовае абнаўленне машынна-трактарнага парка і глебаапрацоўчай тэхнікі.
Планавая мадэрнізацыя жывёлагадоўчых аб’ектаў дазваляе нам нарошчваць аб’ёмы вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі і паляпшаць яе якасць.
Больш падрабязней аб стане спраў у КСУП «Веляцін» раскажуць мае першыя памочнікі – галоўныя спецыялісты гаспадаркі і яе лепшыя людзі.

Уладзімір Уладзіміравіч Бандарэнка, галоўны аграном КСУП «Веляцін»
Найбольш яскрава і падрабязна аб дні сённяшнім і планах на будучае расказаў галоўны аграном КСУП «Веляцін» Уладзімір Уладзіміравіч Бандарэнка. У гаспадарцы працуе з 8 чэрвеня 2013 года. На сённяшні дзень ён мае два дыпломы аб агранамічнай адукацыі: першы атрымаў пасля заканчэння Палескага дзяржаўнага аграрнага каледжа імя У.Ф. Міцкевіча ў г. Калінкавічы. А другі – аб заканчэнні Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі – У.У. Бандарэнка атрымаў зусім нядаўна, у снежні мінулага года.
Ужо з першых хвілін размовы з ім адчуваеш, наколькі гэты чалавек любіць сваю справу. Адразу, без прамаруджвання па памяці называе любую патрэбную лічбу, як на ўласным прысядзібным участку, арыентуецца па палях гаспадаркі, ведае, якая тэхніка, які механізатар і дзе сёння працуюць.
Асабліва задаволены ён ростам азімых культур.
– Не без трывогі чакалі мы зыходу снегавога покрыва, – гаворыць У.У. Бандарэнка, – у якім стане будуць азімыя збожжавыя і рапс? Тым больш, што летась давялося нямала іх перасяваць. Але ўсе хваляванні аказаліся дарэмнымі. На здымку бачна, як густа пасля дзвюх веснавых падкормак узнялася азімая пшанічка. Добры стан далейшага развіцця раслін дэманструюць азімае жыта, трыцікале і рапс.
Зараз, пасля завяршэння сяўбы яравых збожжавых, асноўная ўвага механізатараў сканцэнтравана на кукурузе. Яе сяўбу плануем закончыць ужо на гэтых выхадных. А там пачнём актыўную нарыхтоўку кармоў і будзем рыхтавацца да жніва.
Па словах галоўнага агранома на пасевах збожжавых ужо завяршаюцца работы па хімпраполцы, і стан іх таксама дазваляе разлічваць на добрыя вынікі ўборачнай. Летась на круг у «Веляціне» атрымалі па 29,7 цэнтнера збожжа з гектара – не маглі не адбіцца на канчатковым выніку красавіцкія замаразкі і наступная засуха.
– У гэтым жа годзе на сяўбе яравых збожжавых і кукурузы добра паспрыялі хлебаробам шчодрыя майскія дожджыкі. Так што разлічваем перасягнуць мінулагоднія паказчыкі жніва і атрымаць не менш 35-36 цэнтнераў з гектара.
Калі гаварыць аб больш аддаленых перспектывах, то ў раслінаводстве яны такія: пагалоўе жывёлы ў гаспадарцы няўхільна расце, а значыць трэба павялічваць і ўдасканальваць кармавую базу жывёлагадоўлі. Асаблівую ўвагу будзем надаваць аднагадовым і шматгадовым травам, перазалужэнню пашаў, вырошчванню зернебабовых і кармавых культур.
Як заўсёды, вялікае значэнне надаём вырошчванню збожжавых і кукурузы. Актыўна практыкуем сортаўзнаўленне, імкнемся сеяць насеннем вышэйшых рэпрадукцый – першай, а таксама сеем насеннем эліты. Суперэліта нам пакуль што не па кішэні, але мяркую, што ў бліжэйшым будучым і гэтае пытанне таксама будзе паспяхова вырашана: мы маем неблагія вынікі ў жывёлагадоўлі, а калі яшчэ падмацуем сваё фінансавае становішча за кошт добрага ўраджаю, то будзем мець усе падставы для аптымізму.
Растуць і плошчы, занятыя сельскагаспадарчымі культурамі. Напрыклад, у мінулым годзе яравыя збожжавыя былі пасеяны на 640 гектарах, то ў гэтым яны занялі ўжо 875 га. Аналагічны малюнак і з кукурузай: 1505 га было пасеяна ў 2017 годзе і 1700 гектараў сёлета. Адбываецца гэта за кошт эфектыўнага і рацыянальнага гаспадарання на зямлі: штогод у севазварот уключаюцца ўсё новыя і новыя плошчы за кошт разворвання земляў на месцы пакінутых домаўладанняў, ліквідацыі на распрацаваных палях хмызняковых зараснікаў і нізін-вымачак. Здаецца, і невялікія плошчы дадаюцца да акультураных земляў, але калі суміраваць, то атрымліваецца зусім неблагі і адчувальны дадатак.
На заканчэнне нашай размовы Уладзімір Уладзіміравіч запрасіў карэспандэнтаў «Хойніцкіх навін» пабываць у «Веляціне» яшчэ раз – восенню і паабяцаў расказаць аб тым, наколькі спраўдзяцца спадзяванні. Што ж, ловім на слове!

Анжэла Мікалаеўна Гардзейчык, галоўны эканаміст КСУП «Веляцін»
На любым прамысловым прадпрыемстве, у любой галіне вытворчасці асаблівым аўтарытэтам і павагай карыстаецца прафесія эканаміста. Менавіта гэтыя людзі ўсе дасягненні і хібы ў рабоце кожнага прадпрыемства трансфармуюць у бясстрасныя лічбы і працэнты, на аснове якіх будуюцца планы на бліжэйшае і аддаленае будучае, уносяцца карэктывы ва ўжо прынятыя рашэнні. А таму любы кампетэнтны эканаміст заўсёды валодае рэальным веданнем таго, што ў рэчаіснасці адбываецца зараз на прадпрыемстве. Як, напрыклад, галоўны эканаміст КСУП «Веляцін» А.М. Гардзейчык.
І тым большай павагай карыстаецца гэтая жанчына ў сельгаспрадпрыемстве, калі ўлічыць, што працуе яна тут з далёкага 1987 года. У той нялёгкі пасляаварыйны час Анжэла Мікалаеўна, ураджэнка Жыткавіцкага раёна, была накіравана сюды па размеркаванню пасля заканчэння Бабруйскага сельскагаспадарчага тэхнікума. Прыехала, адпрацавала, ды так і засталася жыць тут. А ў яе працоўнай кніжцы і да гэтага часу значыцца толькі адзінае месца работы – КСУП «Веляцін».
Анжэла Мікалаеўна называе мне безліч эканамічных паказчыкаў і лічб, звяртае ўвагу на эфектыўную работу жывёлагадоўчай галіны, як асноўнай і рэгулярнай крыніцы даходу гаспадаркі. Слухаю яе і разумею, што нездарма па Хойнікшчыне ідзе добрая слава аб высокіх надоях веляцінскіх аператараў машыннага даення і прывагах, атрыманых мясцовымі спецыялістамі на дарошчванні і адкорме.
Не хочацца загружаць чытача мноствам лічбаў, адзначу толькі асноўныя тэндэнцыі: у КСУП «Веляцін» няўхільна павышаецца валавая вытворчасць малака, самым высокім у раёне (15 кг) застаецца надой малака ад каровы, растуць паказчыкі па рэалізацыі малака і таварнасці.
Запытаў у Анжэлы Мікалаеўны: у чым сакрэт такой высокай эфектыўнасці работы гаспадаркі ў галіне жывёлагадоўлі і атрымаў ад яе кампетэнтны і абгрунтаваны адказ:
– Мяркую, што гэта – вынік правільна пастаўленай работы з буйной рагатай жывёлы: росту колькасці расцёлаў, захаванасці статка, індывідуальнага падыходу да раздою нецеляў і ўводу іх у асноўны статак. У гэтым вялікая заслуга нашага тэхніка-асемянатара А.А. Дземідзенкі.
Ды і ўсе нашы аператары машыннага даення кароў, аператары на адкорме і дарошчванні, даглядчыкі жывёлы, усе астатнія, хто заняты ў галіне жывёлагадоўлі таксама працуюць як і належыць. Таму і нездарма так многа нашых работнікаў сярод пераможцаў працоўнага спаборніцтва.
Пагаджаюся і яшчэ раз пераконваюся ў тым, што, як і належыць, галоўны эканаміст ведае ўсё.

Аляксандра Ўладзіміраўна Мурнікава, аператар машыннага даення
Самым вопытным і спрактыкаваным аператарам машыннага даення кароў з’яўляецца Аляксандра Ўладзіміраўна Мурнікава. І гэта не проста галаслоўны тэзіс, а сцвярджэнне, якое мае пад сабой рэальнае абгрунтаванне: з 1993 года працуе яна ў КСУП «Веляцін». І ўжо нямала часу займаецца раздоем нецеляў, а такую работу даручаюць толькі самым умелым майстрам даення.
Справа гэтая няпростая, але вельмі адказная – менавіта ад яе вынікаў у многім залежыць прадукцыйнасць статка. Кожная жывёліна мае свой характар, кожная патрабуе асобнага падыходу і зусім не так проста прывучыць маладзенькую кароўку да выканання галоўнага каровінага абавязку – аддачы малака.
Раздоем Аляксандра Уладзіміраўна займалася ў час работы на малочна-таварным комплексе ў Пудакове, займаецца і зараз, пасля пераходу на Веляцінскую МТФ. Пры гэтым умудраецца мець і высокія індывідуальныя паказчыкі ў раённым працоўным спаборніцтве, у якім не раз дабівалася перамогі. Напрыклад, два тыдні назад А.У Мурнікава прыняла ўдзел у падвядзенні вынікаў рэспубліканскай акцыі «Наш жывёлавод», ініцыянаванай рэспубліканскім камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў АПК. Мерапрыемства прайшло ў аграгарадку Урыцкае, і на ім прысутнічалі 70 лепшых жывёлаводаў Гомельшчыны. Разам з ёй у склад дэлегацыі нашага раёна ўвайшлі пераможцы раённага спаборніцтва жывёлаводаў у 2017 г. А.А. Ушакова з КСУП «Судкова» і Г.М. Чэкан з ААТ «Хойніцкі Аграсервіс».
З гэтага форуму Аляксандра Ўладзіміраўна вярнулася з каштоўным падарункам, дыпломам і рашэннем аб прэміраванні па месцу работы. Па працы, як кажуць, і пашана!

Алена Фёдараўна Шалкунова, аператар машыннага даення Лісцвінскай малочнатаварнай фермы
Не раз была ў ліку пераможцаў раённага працоўнага спаборніцтва і аператар машыннага даення Лісцвінскай малочнатаварнай фермы А.Ф. Шалкунова. Вось і зараз яна лідзіруе сярод даярак КСУП «Веляцін» па выніках работы за 4 месяцы 2018 года. Яе рахунак за гэты перыяд складае 259 тон малака, што на 101 т больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года.
У сельгаспрадпрыемстве Алена Фёдараўна працуе з 2004 года. Пачынала на Паселіцкай МТФ, потым, калі ферму закрылі, перайшла на Лісцвінскую МТФ. А калі ў 2013 годзе тут увялі ў лік дзеючых новенькі даільна-малочны блок, А.Ф Шалкунова была сярод тых, каму даверылі правесці першую дойку.
Зараз работа на ДМБ стала для яе паўсядзённым і звычным абавязкам і сёння гэтая прыгожая і абаяльная жанчына з усмешкай успамінае ўсе тыя свае «дэбютныя» хваляванні 5 гадоў таму.

Валянцін Рыгоравіч Кардаш, механізатар КСУП «Веляцін»
Знаёмцеся: яшчэ адзін сейбіт – В.Р. Кардаш. Вопытны, універсальны механізатар, які можа працаваць на любой марцы трактараў. Зараз ён у ліку тых, хто завяршае сяўбу кукурузы, на яго працоўным рахунку 180 засеяных гектараў. Працуе на МТЗ-82 з сеялкай ТСН-8000.
Сам па сабе В.Р. Кардаш – чалавек спакойны, пазітыўны і аптымістычны, безадказны да любога даручэння і любой просьбы. За гэта і карыстаецца ён аўтарытэтам у кіраўніцтва гаспадаркі і сярод таварышаў па рабоце. А здаровы аптымізм яшчэ ніколі не быў перашкодай у рабоце!

Рыгор Сяргеевіч Ярац, механізатар КСУП «Веляцін»
Пераможцам у раённым спаборніцтве на сяўбе ранніх збожжавых культур стаў механізатар КСУП «Веляцін» Р. С. Ярац. Менавіта на яго выпала ў гаспадарцы сёлета асноўная нагрузка яравой пасяўной – 975 гектараў засеяў лепшы ў раёне сейбіт трактарам МТЗ-3022 і сеялкай АПП-6. А пасля завяршэння сяўбы ранніх збожжавых Рыгор Сяргеевіч аператыўна пераключыўся на сяўбу кукурузы.
Нельга не адзначыць высокую якасць пасяўных работ, працавітасць гэтага чалавека, які выходзіў у поле яшчэ зацемна, і вяртаўся ў гаражы, калі на вуліцы ўжо змяркалася. Гонар яму і слава!

Сяргей Пятровіч Яромчык, механізатар КСУП «Веляцін»
Сапраўдным майстрам падрыхтоўкі глебы пад сяўбу збожжавых культур і кукурузы зарэкамендаваў сябе Сяргей Пятровіч Яромчык. Ён таксама ўваходзіць у лік лепшых у раёне на сяўбе па падрыхтоўцы глебы, ім падрыхтавана 985 гектараў.
Яму таксама ўласціва высокая якасць глебаапрацоўчых работ, стараннасць і працавітасць.
Цікавы факт: свой трактар МТЗ-3022 С.П. Яромчык атрымаў неўзабаве пасля ўладкавання на работу ў 2011 годзе. І да гэтага часу машына спраўна служыць свайму механізатару.

Аляксандр Аляксандравіч Дземідзенка, тэхнік-асемянатар
Ключавой фігурай у справе ўзнаўлення і павышэння прадукцыйнасці статка з’яўляецца тэхнік штучнага асемянення кароў. Такія спецыялісты ў любой гаспадарцы на вагу золата не толькі з прычыны іх высокай запатрабаванасці, але і з-за ўзнікшага ў апошні час кадравага дэфіцыту на прадстаўнікоў гэтай прафесіі.
Сельгаспрадпрыемству «Веляцін» у гэтым сэнсе пашанцавала – з 1993 года, пасля заканчэння Рэчыцкага зоаветэрынарнага тэхнікума, працуе на гэтай пасадзе Аляксандр Аляксандравіч Дземідзенка. У сваёй справе ён адзін з лепшых у раёне, што не раз даказваў перамогамі на прафесійных конкурсах рознага ўзроўню. Але лепшы доказ яго прафесійнай заможнасці – стан дойнага статка КСУП «Веляцін» і тыя высокія вынікі, якія атрымліваюць тут у вытворчасці малака.
Адзін працуе Аляксандр Аляксандравіч без выхадных і святаў, а пры нарматыўнай нагрузцы на аднаго тэхніка-асемянатара ў 490 кароў, на яго папячэнні больш 1400 галоў жывёлы. Што, акрамя павагі і пашаны, можа выклікаць гэты факт?!

Матэрыялы  падрыхтавалі Віктар Назаранка і Вікторыя МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *