Стралічаўскія «ружы» – хрусткі букет

Смак малой радзімы

Калі ў вас ёсць пякарскія металічныя формачкі ў выглядзе ружачак, то паспрабуйце прыгатаваць па даўнім рэцэпце, які захавала жыхарка аграгарадка Стралічава Елізавета Мікалаеўна Бандарэнка. Ломкія пялёсткі з цеста, смажанага ў фрыцюры, пасыпаныя лёгкай цукровай пудрай – чыстая асалода пад кубачак салодкага чаю.

Ва ўтульнай кухні Елізавета Мікалаеўна з настальгічнай усмешкай успамінае, як на прастольнае свята Ушэсце хадзіла са сваёй бабуляй Вольгай у Губарэвічы да родзічаў. Там сталы ламіліся ад пачастункаў, але асабліва запомніліся «ружы» – печыва ў форме пышных яркіх кветак. З таго часу жанчына трымае ў памяці рэцэпт гэтага дэсерта са смакам ванілі, гатуе яго для сваёй сям’і.
Галоўны сакрэт прыгатавання «руж» – не спіс інгрэдыентаў, а спецыяльная форма для выпякання. Раней такія металічныя «сняжынкі» прадаваліся паўсюдна, зараз жа нялёгка знайсці іх у продажы. Пашчасціла тым гаспадыням, якія захавалі іх з савецкіх часоў. Адна дэталь: формы мыюць далікатна, без выкарыстання металічных губак, каб у наступны раз цеста таксама лёгка адставала ад сценак.
Суботнім поўднем Елізавета Мікалаеўна ветліва запрасіла да сябе ў госці, каб прадэманстраваць, як жа гатаваць тыя самыя «ружы» са смакам дзяцінства. Гаспадыня па спецыяльнасці прафесіянальны повар, зараз працуе лабарантам у Стралічаўскай школе, але справу сваю не пакінула. Немагчыма аддаліцца, мяркуе жанчына, ад сапраўднага прызвання, якое палюбіла з юных гадоў. Лізавету ў вёсцы заўжды цанілі як спраўнага кулінара, таму запрашалі перад вяселлем дапамагчы прыгатаваць святочныя стравы, цікава ўпрыгожыць іх. І сваіх блізкіх доўга частавала дамашнімі прысмакамі, а потым гэта ўменне перанялі дочкі Кацярына і Вікторыя.
– Не ва ўсіх атрымліваецца правільна прыгатаваць «ружы», – пачынае расказваць Елізавета Мікалаеўна. – Тут трэба пільна сачыць за ўсім працэсам і прытрымлівацца прапорцый.
Перш-наперш спатрэбяцца тры курыныя яйкі. У гаспадыні яны ад дамашніх кур, таму і жаўткі ў іх яркія, жоўценькія, як летняе сонейка. Печыва з-за гэтага будзе такое ж яркае. Яйкі варта змяшаць з 200 г мукі, дадаць крыху солі і цукру.
Каб зрабіць ружы каляровымі, перад тым як даліць у муку воду, дадайце сок бурака ці морквы. Для гэтага трэба мелка нацерці гародніну і праз сіта надавіць сок. Змяшайце яго з масай, а потым пакрыху далівайце воду, каб дабіцца кансістэнцыі цеста, як для наліснікаў.
Для прыгатавання спатрэбіцца 1 літр алею. Выліце яго на патэльню з высокімі бартамі і награвайце на сярэднім агні, каб не падгарэла. У самым пачатку памясціце металічную формачку, каб і яна нагрэлася. Тады цеста будзе добра ліп- нуць да формы і таксама лёгка адставаць ад яго ў алеі. Каб праверыць, ці гатовы ён для смажання, кіньце ў патэльню кавалачак белага хлеба. Калі за секунду ён «схопіцца» і прасмажыцца да румянага адцення, можна пачынаць выпякаць.
Акуніце металічную формачку ў цеста, але не глыбока – пакіньце верх сухім. Хутка апусціце форму ў масла і праз некалькі секунд акуратна вызваліце метал ад імгненна распушанай ружы, можаце дапамагаць відэльцам.
Уважліва назірайце за выпяканнем – кожныя 5-7 секунд варта пераварочваць печыва, пакуль яно не стане цвёрдым з усіх бакоў. Тады даставайце ружу і выкладвайце на талерку з папяровай сурвэткай, якая забярэ залішні алей. Формачку хутка вярніце назад у патэльню, каб яна не астывала. Пакуль печыва гарачае, пасыпце яго цукровай пудрай.
Елізавета Мікалаеўна прыгатавала «кветкі» двух адценняў – ружовага і аранжавага, дадаючы ў цеста натуральныя фарбавальнікі – сокі морквы і бурака. Для надання ім іншых колераў можна выкарыстоўваць штучныя харчовыя фарбавальнікі. Аднойчы маёй субяседніцы давялося гатаваць гэты дэсерт незвычайнага блакітнага колеру.
З зыходнай колькасці прадуктаў атрымліваецца «букет» з 60-65 хрусткіх «руж».

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *