Храпкаўскія макароны: салодкасць родам з дзяцінства

Год малой радзімы Наши проекты Смак малой радзімы

Некалькі гадоў таму журналісцкія справы прывялі ў Алексічы. Там у жывой гаворцы з мясцовым жыхаром распытала, як бавяць вольны час.

Гаспадары, аказалася, нядаўна гасцявалі ў Храпкаве, дзе іх добра прымалі і шчодра стол накрывалі. Сярод далікатэсаў пажылы мужчына з задавальненнем пералічваў стравы, у ліку якіх былі і макароны з цукрам.
– Няўжо, дзядуля, Вы ніколі макароны не каштавалі? – запыталася я.
– Эх, донька, то не такія макароны, а салодкія, што з печы.
Гэты дыялог добра запомніла, а нядаўна стала распытваць знаёмых храпкаўцоў, ці сапраўды там гатуюць такую страву. Пацвердзілі, што хаця сёння зрэдку на стале пабачыш такі дэсерт, але ж дарослыя добра памятаюць смак тых самых храпкаўскіх макарон. У вёсцы не прэтэндуюць на арыгінальную назву і называюць некалькі варыянтаў прыгатавання стравы. Зрэшты гэта свайго рода хатняя лапша, якую можна і ў малочны суп дадаваць, ды і любыя прадукты да такога гарніру падыйдуць.
На маё шчасце, знайшлася гаспадыня, якая пагадзілася паказаць, як жа прыгатаваць такія макароны. Ураджэнка вёскі Храпкаў Тамара Эдуардаўна Мурашка хаця і паехала даўно з роднай вёскі ў райцэнтр, часта наведвае там сваю матулю. Менавіта па ўспамінах гэтых ветлівых жанчын аднавілі і сам рэцэпт. Дакладней, яго святочны салодкі варыянт.
– Я так добра памятаю, як мая бабуля Кацярына Васільеўна Пашко разам са сваёй сястрой Ганнай гатавалі такую страву на любое тагачаснае вяселле, – з настальгічнай усмешкай узгадвае мая субяседніца. – У тыя часы як стол святочны накрывалі: збіралі жанчын, здольных на гатаванне, і за дзень ці нават два рабілі ўсе стравы. Але ж макарончыкі тыя ў галоўны дзень рабілі, каб свежым пачаставаць. Вы не ўяўляеце, якая смаката выходзіла з печы! Што ні прыгатуй там – шэдэўр!

Нарэшце пачынаем гатаваць і мы. Для гэтага бяром два курыныя яйкі (нам пашанцавала выкарыстоўваць хатнія), дзве сталовыя лыжкі крухмалу, столькі ж – малака, дадаём сталовую лыжку алею і цукар з соллю (па густу). Замешваем цеста для выпякання наліснічкаў. Нібы духмянае сонейка, хутка смажацца яны на патэльні. Далей даём ім крыху астыць і рэжам танюткімі стужачкамі.

– Гэту справу, – успамінае Тамара Эдуардаўна, – вельмі я любіла ў дзяцінстве – так весела нажніцамі блінцы на стужачкі шаткаваць. Таму бабуля часта давярала ўнучцы гэты абавязак. Так і сёння, шпарка і роўна атрымліваюцца залатыя нітачкі з блінцоў.

Тым часам запальваем духоўку, і пакуль яна награваецца, рыхтуем заліўку для «макарон». Для гэтага ў малако дадаём сметанковае масла і цукар. Атрыманую лапшу перакладваем у ёмістасць для запякання, перад гэтым змазаную алеем, і заліваем салодкай малочнай масай. Зверху прыцярушваем цукрам, каб надаць макаронам карамельнага бляску.

Праз 20 хвілін пры тэмпературы 180оС з духоўкі дастаём духмяны дэсерт і каштуем. Верыце ці не, адарвацца немагчыма! Ніколі не скажаш, что наліснічкі зроблены на аснове крухмалу, а хатнія яйкі надаюць такі прываблівы колер страве!

Вядома, арыгінальны рэцэпт храпкаўскіх макарон патрабуе большай колькасці інгрэдыентаў, таму што і рабілі страву на вялікую кампанію, але ў сучаснасці дастаткова невялікага гаршчочка, каб ахінуцца ў карамельны свет дзіцячых успамінаў.

Пакуль гатавалі, было так прыемна бліжэй пазнаёміцца з Тамарай Эдуардаўнай. Гэта творчая асоба, якая не дае сумаваць сваім блізкім і сябрам, а кожнае свята, куды запрашаюць жанчыну, адразу ператвараецца ў яркае шоў. Нават спантанныя віншаванні можа перакласці ў вясёлыя пацешкі, а ў якасці падарунка прэзентаваць верш у гонар імянінніка. Радкі лёгка ствараюцца ў багатай фантазіі аўтаркі, хаця Тамара Эдуардаўна паэткай сябе не называе, напэўна, проста скромнічае.

Да таго ж, жанчына – шчырая прыхільніца коннага спорту і не бывае такога лета, каб не прысвяціла час прагулцы ўздоўж роднай вёскі. З дзяцінства яна, улюбёная ў характар і волю гэтых разумных істот, прасілася са старэйшымі рабятамі пасвіць статак.

Гатаванне – яшчэ адзін талент Тамары Мурашка. Яна стварае такіе смачнасці, што варта ствараць асобную рубрыку. Яе гэтыя здольнасці пераняла старэйшая дачка Алеся, якая сёння працуе ў Мінску, там жа цяпер вучыцца і сын Захар. Так з пакалення ў пакаленне передаюцца мясцовыя рэцэпты – простыя ў прыгатаванні, але такія родныя, бо нашы.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *