Беларусь турыстычная: горад Крычаў, Магілёўская вобласць

Беларусь турыстычная

Расказвае Ганна Гайдукова:

– Гэта невялікі горад на ўсходзе Магілёўскай вобласці. Бываю там часта, паколькі гэта радзіма маёй мамы. Ад Хойнік да Крычава – трыста кіламетраў. Дабіраемся туды ці на машыне, ці на аўтобусе з перасадкай у Гомелі.
Некаторыя могуць адразу сказаць, што Крычаў ад большасці сваіх сабратаў, якія раскіданыя па ўсёй краіне, не адрозніваецца. Насельніцтва 32 тысячы чалавек, найбуйнейшае прадпрыемства – цэментна-шыферны завод. Прыватны сектар, новабудоўлі, школы…
Але гэта не зусім так: там мноства гістарычных каштоўнасцяў. Напрыклад, у выдатным стане захаваўся палац графа Рыгора Пацёмкіна. Свайму фаварыту імператрыца Кацярына II падарыла гэтыя землі. Калі глядзець на яго з вышыні птушынага палёту, то будынак нагадвае літару «Е».
Пацёмкін валодаў Крычавам і палацам не вельмі доўга. Практычна адразу ён прадаў яго Яну Галынскіх. У палацы было 72 пакоя.
А яшчэ ў свой час Крычаў быў дастаткова буйным і вядомым цэнтрам суднабудавання.
Вельмі цікавым з пункту гледжання маштабнасці ўяўляецца Екацярынінскі шлях. У студзені 1787 года падчас паездкі па новых губернях Расіі Кацярына II наведала Крычаў. Лічыцца, што імператрыца праязджала па так званаму Екацярынінскаму шляху: праз вёскі Майскае – Губіншчына – Горкі – Сетнае – Гойск – Гліна – горад Чэрыкаў.
Адно з самых прыгожых месцаў у ваколіцах і любімае месца адпачынку гараджан у Крычаве – гэта Чорнае возера. Сваю назву яно атрымала з-за вялікай глыбіні, таму вада тут здаецца чорнай. Хаця на самай справе яна чыстая, таму што з дна б’юць ключы. А яшчэ каля Крычава шмат крэйдавых кар’ераў, запоўненых вельмі чыстай блакітнай вадой, але адпачываць там забаронена. Яшчэ мне падабаецца там гуляць па беразе ракі Сож.
Крычаў – мілы і ўтульны горад. Хутчэй за ўсё, спецыяльна туды мала хто паедзе, але калі будзеце праязджаць міма, абавязкова завітайце!

Запісала Наталля ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *