Беларусь турыстычная: горад  Нароўля, Гомельская вобласць

Беларусь турыстычная

У рамках рабочай паездкі зусім нядаўна наведаў Нароўлю. Як карэспандэнт, вядома ж, не мог упусціць выдатную магчымасць разгледзець і пафатаграфаваць мясцовыя славутасці, палюбавацца тутэйшымі краявідамі. А іх тут, скажу я вам, хоць адбаўляй.

На ўездзе ў горад цікаўнага турыста сустракае гарадскі парк, які размясціўся на беразе Прыпяці і з’яўляецца помнікам садова-паркавага мастацтва. Да 1930-х гадоў парк лічыўся адным з лепшых паркаў на тэрыторыі Беларусі за сваю ўдалую планіроўку і размяшчэнне пасадак.

Уваход у парк «ахоўваюць» уязныя вароты, якія былі закладзеныя разам з паркам у XIX стагоддзі. У паўночнай частцы парку размешчаны двухпавярховы палац, які некалі належыў роду Горватаў. Будынак пабудаваны ў перыяд 1850-1869 гг. і з’яўляецца помнікам архітэктуры стылю класіцызм. У савецкі час пад патрэбы школы-інтэрната палац зведаў шэраг змяненняў. У цяперашні час вядуцца работы па рэканструкцыі фасада будынка і, будзем спадзявацца, зусім хутка помнік архітэктуры парадуе гасцей і турыстаў не толькі вонкавым аздабленнем, але і ўнутраным убраннем. Можа ў наступны раз Венскі баль правядуць менавіта ў гэтым палацы.

Прама за палацам захаваліся фрагменты цікавага фантана, які цяпер з’яўляецца фактычна месцам паломніцтва ў мясцовых жыхароў. Калі знаходзішся побач з фантанам складваецца ўражанне, што тут калісьці набывалі натхненне паэты і пісьменнікі, рабілі прапанову рукі і сэрца зграбныя мужы і складалі кранальныя балады менестрэлі. Хто ведае, усё магчыма.

На ўсход па алеі ад палаца паблізу ад месца ўпадзення ракі Нараўлянкі ў Прыпяць захавалася трохпавярховае збудаванне, якое таксама з’яўляецца помнікам стылю класіцызм – паркавая альтанка.

Практычна ў цэнтры парку размешчаны манумент ахвярам і воінам-вызваліцелям, якія загінулі ў Вялікай Айчыннай вайне. 30 лістапада 1943 года цаной многіх жыццяў Нароўля была вызвалена ад акупантаў. Прыемна бачыць, што нават зімой на гранітных плітах помніка акуратна складзеныя свежыя кветкі.

Нават проста шпацыруючы па парку, немагчыма не атрымліваць асалоду ад розных малых архітэктурных формаў як сучасных, так і тых, якія, магчыма, утойваюць у сабе што-небудзь гістарычнае. Ушчыльную да парку прылягаюць будынкі былой кандытарскай фабрыкі Ігната Горвата, якая славілася сваімі прысмакамі па ўсёй Беларусі. Зараз тут размешчана адна з найбуйнейшых кандытарскіх фабрык краіны «Чырвоны Мазыранін». Чаго толькі на ёй не вырабляюць: шакаладныя цукеркі, павідла, джэм, пасцілу, мармелад і зефір.

Трохі прайшоўшы ўглыб горада па вуліцы Кастрычніцкай, знаходжу двухпавярховы драўляны асабняк, адзін з элементаў старой гарадской забудовы канца XIX стагоддзя з характэрным разным дэкорам. У цяперашні час у асабняку размясціўся музей этнаграфіі і народных промыслаў. Зусім побач знаходзіцца «Алея герояў» і дзіцячая школа мастацтваў.

Нараўлянскі раён нароўні з Хойніцкім і Брагінскім прыняў на сябе цяжкі ўдар чарнобыльскай трагедыі, якая перакрэсліла многія чалавечыя лёсы. У цэнтры горада стаіць помнік выселеным вёскам Нараўлянскага раёна. А ў 20 метрах на новенькай ігравой пляцоўцы гуляюць дзеткі са сваімі бацькамі, што ўсяляе веру і надзею на светлую будучыню.

Алег ЗУБОК. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *