Водар хлеба над збожжатокам

Сельское хозяйство

У сельгаспрадпрыемстве імя Мележа кукуруза сумарна займае 1450 гектараў. З іх 1300 га адведзены пад кукурузу, якая ўбіраецца на зялёны корм і кукурузны сілас, а яшчэ паўтары сотні гектараў гэтай узрастаючай у значнасці сельскагаспадарчай культуры абмалочваецца на зерне.



Па апошняму віду работ гаспадарка займае лідзіруючыя пазіцыі ў раёне. З гэтых 150 гектараў кукурузы на зерне па стану на 4 верасня ўжо было ўбрана 112 га, што складае 75 працэнтаў. На гэтую ж дату мележаўцы нарыхтавалі 1073 тоны кукурузнага зерня (самы высокі паказчык у раёне), а кожны гектар аддзячыў земляробаў выдатным ураджаем у 105 цэнтнераў зерня – таксама лепшая ўраджайнасць па раёну.
З кукурузнага палетка абмалочанае зерне адразу накіроўваецца на збожжаток для ачысткі. Пасля завяршэння гэтага працэсу больш сухое яно ідзе на далейшую дапрацоўку – дасушванне да рэалізацыйных кандыцый, а больш вільготнае – плюшчыцца, а потым кансервуецца для далейшага выкарыстання ў якасці багатай бялком дабаўкі ў рацыён кармлення жывёлы.



Разам з выконваючым абавязкі начальніка райсельгасхарчу А.В. Калыханам і галоўным аграномам упраўлення С.А. Валкановічам у мінулую сераду пабывалі на пляцоўцы, дзе і адбываецца гэты важны тэхналагічны працэс. Адказваючы на пытанне аб тым, што дае выкарыстанне кансерваванага плюшчанага кукурузнага зерня ў якасці дабаўкі ў харчаванне жывёлы, Аляксандр Васільевіч адказаў так:
– Вы калі-небудзь адчувалі, як смачна пахне размалочанае або сплюшчанае зерне – свежаспечаным духмяным хлебам. Таму і з’ядаюць каровы яго ўсё, без рэшткаў. Яшчэ адзін вельмі важны момант – ужыванне плюшчанага кукурузнага зерня ў кармленні дойнага статка істотна павышае тлустасць атрыманага малака.



Мы пад’ехалі на збожжаток у Тунеўшчыне, дзе і адбывалася ўсё гэта дзейства, якім на трактары МТЗ-1523 з плюшчылкай займаўся механізатар Альберт Уладзіміравіч Дуброва. Усё аказалася проста і няпроста адначасова: зерне засыпаецца ў бункер плюшчылкі, там яно плюшчыцца паміж спецыяльнымі барабанамі, у гэтую масу дадаецца кансервант, і потым уся яна запампоўваецца на захоўванне ў доўгія рукавы са штучнага валакна. Кожны з іх умяшчае да 60 тон плюшчанага зерня, якое на працягу 1,5-2 месяцаў захоўваецца некранутым – у ім павінны прайсці неабходныя біяхімічныя працэсы. І толькі пасля заканчэння гэтага тэрміну плюшчанае кукурузнае зерне можна дабаўляць у рацыён кармлення. Налічыўшы тры запоўненыя такія рукавы, зрабіў няхітры вывад аб тым, што, як мінімум, 180 тон гэтай неабходнай і карыснай дабаўкі з пахам свежага хлеба ў сельгаспрадпрыемстве імя Мележа ўжо назапашана.



Дакладна па такой жа тэхналогіі і гэтай жа самай плюшчылкай (на жаль, яна пакуль адна на ўвесь раён) плюшчаць кукурузнае зерне ў сельгаспрадпрыемствах «Аравічы» і «Веляцін». 



Віктар НАЗАРАНКА.
 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *