Месца, дзе адчуваеш веліч сваёй Радзімы

Наши проекты

Выдатна, калі прафесія дазваляе пабываць у незвычайных месцах, дзе не кожнаму ўдасца пабываць. Уражанні заўсёды неверагодныя застаюцца.

Чарговая эмацыянальна-пазнавальная экскурсія адбылася ў Палац Незалежнасці, куды я трапіла пасля ўрачыстага мерапрыемства ўзнагароджання пераможцаў першага рэспубліканскага агляду-конкурсу грамадзянска-патрыятычных праектаў раённых (гарадскіх) і пярвічных арганізацый БСЖ «Лепшы праект – 2019».

Палац Незалежнасці – велічнае архітэктурнае збудаванне, знаходзіцца на праспекце Пераможцаў. У кастрычніку 2013 года там адбыліся пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета і саміт кіраўнікоў дзяржаў СНД, якія і пачалі адлік гісторыі новага будынка.

Праца над праектаваннем стартавала ў пачатку 2011 года. Прычым праектаванне і будаўніцтва вяліся паралельна і завяршыліся праз 30 месяцаў замест запланаваных 58. Архітэктарам выступіў Уладзімір Архангельскі.

Сёння ў Палацы праходзяць мерапрыемствы дзяржаўнай важнасці, такія як цырымонія ўручэння замежным амбасадорам даверных грамат ці нарада кіраўнікоў замежных дзяржаў. Побач з будынкам размяшчаецца Плошча Дзяржаўнага сцяга, якая разам з Палацам складае адзіны архітэктурны комплекс, падкрэслівае непахіснасць дзяржаўнай незалежнасці.

Плошча Палаца Незалежнасці – каля 50 тыс. м2. Мы прайшлі па залах, дзе праходзяць афіцыяльныя цырымоніі, пасяджэнні, сустрэчы з замежнымі калегамі, «выхады» да журналістаў, запісваюцца звароты да жыхароў краіны. Наведалі музей, дзе захоўваюцца падарункі нашаму Прэзідэнту ад замежных калег, палітычных дзеячаў, дэлегацый, дыпламатаў і спартсменаў, іншых вядомых персон.

Чаго толькі ў гэтым музеі няма: нацыянальныя касцюмы, статуэткі, кнігі, фотаздымкі, медалі. Цікава паглядзець, цікава пачытаць подпісы. Каля стэндаў са спартыўнымі ўзнагародамі, рэчамі спартсменаў адчуваеш асаблівы гонар за людзей, якія праслаўляюць нашу краіну. І адразу ўспамінаюцца моманты спаборніцтваў.

Дарэчы, турыстаў Палац не прымае, аднак тут часта праводзяцца экскурсіі па запрашэннях: бываюць заслужаныя людзі розных прафесій, спартсмены, студэнты і школьнікі, госці Беларусі з розных краін свету, удзельнікі розных міжнародных мерапрыемстваў. У 2018 там адбыўся першы Рэспубліканскі навагодні баль, у снежні 2019 – Венскі баль.

Яшчэ нам, прадстаўніцам Беларускага саюза жанчын, выпаў гонар «пачаць» Кнігу водгукаў. Першы запіс у гэтай кнізе і свае подпісы мы пакінулі з задавальненнем.

Расказваць можна бясконца. Жадаю вам усім пабачыць гэтую веліч уласнымі вачамі.

Вольга БЕЛАШ. Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *