Маладыя кадры – надзея вёскі

Тэрыторыя моладзі

IMG_14301Сёлетняе папаўненне ў сельгаспрадпрыемствах раёна – 26 маладых спецыялістаў, з іх 18 – ураджэнцы Хойнікшчыны. Па аднаму работніку размеркавана ў КСУП «Веляцін» і імя Мележа, калектыў «Аравічаў» прыняў чатырох навічкоў, у КСУП «Велікаборскі» працаўладкаваны два чалавекі, у ААТ «Хойніцкі Аграсервіс» прыбыла шэсць маладых спецыялістаў. Самы ж вялікі «дэсант» накіраваны ў сельгаспрадпрыемства «Судкова» – 11 работнікаў.
У райвыканкаме адбылася традыцыйная сустрэча з маладымі спецыялістамі сельскагаспадарчай галіны. Вялася даверлівая размова аб тым, як навічкі ўладкаваліся на сваім першым месцы работы, што іх радуе, а што наадварот засмучае на пачатку працоўнай біяграфіі, з якімі складанасцямі сутыкаюцца.
IMG_14261На сустрэчу з маладымі кадрамі прыйшлі намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання А.В. Калыхан, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы Л.У. Толмач, галоўны спецыяліст па кадравай рабоце райсельгасхарчу Т.У. Кузьменка і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК В.В. Харошка.
Гледзячы на юную аўдыторыю, яны прыгадвалі свае першыя крокі ў прафесію, дзяліліся вопытам, давалі карысныя парады, зазначаючы, што работа ў сельскай гаспадарцы, нягледзячы на розныя стэрэатыпы, ганаровая і вельмі цікавая.
Маладым людзям расказалі аб магчымасцях паляпшэння жыллёвых умоў, атрыманні спажывецкага крэдыту, усіх належных выплатах і арганізацыі вольнага часу моладзі ў нашым раёне. Ім паабяцалі і ў далейшым запрашаць на розныя мерапрыемствы, каб яны бліжэй пазнаёміліся, пасябравалі паміж сабой. Хаця ўжо і пасля гэтай сустрэчы многія развітваліся сябрамі, чаму паспрыяла сумесная экскурсія ў гарадскі парк, краязнаўчы музей і фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Хочацца спадзявацца, што большасць з гэтых маладых, прыгожых, энергічных юнакоў і дзяўчат прырастуць душой да сваёй работы, гаспадаркі. Няхай наша Хойнікшчына стане месцам, дзе яны будуць прафесійна расці, ствараць сем’і, жыць заможна і шчасліва.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *