У цянётах антысанітарыі

Спорт

У апошні час узраслі патрабаванні да якасці малака. І для таго, каб адпавядаць існуючым стандартам якасці, неабходна не толькі строга прытрымлівацца тэхналогіі вытворчасці, але і захоўваць усе нормы і патрабаванні санітарнага заканадаўства. Але пабываўшы на Дварышчанскім жывёлагадоўчым комплексе, можна толькі ў роспачы схапіцца за галаву.

Гэтае структурнае падраздзяленне сельгаспрадпрыемства “Судкова” было здадзена ў эксплуатацыю толькі 5 гадоў таму назад. Зараз можна толькі дзіву дацца, як за такі кароткі тэрмін тут усё давялі “да ручкі”. Ужо на пад’ездзе (так  і не заасфальтаваным да гэтага часу) да яго тэрыторыі кідаецца ў вочы буяючае пустазелле. Каля малочнага блока расцякаюцца каналізацыйныя сцёкі, якія ўзніклі з-за няспраўнасці каналізацыі і праз якія праязджаюць малакавозы і іншы транспарт, наматваючы бруд на колы. У малочным блоку, напэўна, з дня здачы яго ў эксплуатацыю не праводзіліся ні капітальны, ні касметычны рамонты: са столі сыплецца пабелка, а са сцен паступова “адлятае” абліцовачная плітка. Абурае і тое, што ў стацыянарным туалеце адсутнічае вада, а надворны туалет адсутнічае наогул. Няма вады як у душавым пакоі, так і ў раздзявалцы: дзе ў такіх умовах людзям проста памыць рукі пасля работы  – невядома.

Адсутнічаюць у раздзявалцы і індывідуальныя шафы для адзення, стаіць адна старая перакошаная без дзвярэй. У пакоях носяцца хмары мух, бо дэзінсекцыйныя мерапрыемствы тут, напэўна, не праводзіліся ніколі. Нямытымі і бруднымі паглядаюць на свет божы вокны і дзверы памяшканняў, няякасна мыецца даільнае абсталяванне, уся ў плямах ад пабелкі сістэма малакаправода, а пра санітарныя дні тут  ведаюць толькі па чутках.

За выяўленыя парушэнні прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці галоўны заатэхнік КСУП “Судкова” Н.У. Вароніна і брыгадзір В.В. Рудой. Функцыяніраванне малочнага блока прыпынена для правядзення санітарнага дня.


С. КРАЎЧАНКА,
в.а. галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Хойніцкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *