Шкодныя ласункі

Спорт

У мінулым месяцы работнікамі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі праведзены праверкі 11 прадпрыемстваў гандлю ўсіх форм уласнасці на прадмет выканання імі норм і патрабаванняў санітарнага заканадаўства. Выяўлены шэраг парушэнняў.

Не ўтрымліваецца ў чысціні тэрыторыя, якая прылягае да магазіна № 17 райпо ў Езапове, няма тут металічных кантэйнераў для збору смецця і харчовых адходаў. Разбіты парадны ганак, даўно патрабуюць афарбоўкі дзверы, вокны і столь, будынак магазіна не ацяпляецца. У прадаўца магазіна адсутнічала адзнака аб праходжанні навучання па курсу санітарнага мінімуму. Не праводзіцца ўборка і ў памяшканні гэтай гандлёвай кропкі, а ў рэалізацыі знаходзіліся цукеркі, паражоныя свірнавымі шкоднікамі. Дарэчы, такі ж “ласунак” – цукеркі з лічынкамі, прапаноўвалі пакупнікам у магазіне № 16 райпо. Прадукты, якія хутка псуюцца, тут захоўваюцца без належнага тэмпературнага рэжыму. Няспраўнымі з’яўляюцца халадзільныя вітрыны ў магазіне № 15, дзе таксама адсутнічае належны тэмпературны рэжым і не хапае раздзелачнага інвентару, а прадаўцом не пройдзена гігіенічнае навучанне.

Наогул, стан сельскіх гандлёвых кропак часцяком пакідае не самыя лепшыя ўражанні. Напрыклад, у магазіне № 5 райпо ў Хвойным, напэўна, паняцця не маюць аб правілах таварнага суседства, бо ў адным халадзільніку захоўваліся і птушка, і рыба. Адсутнічаюць тут і ўмовы для асабістай гігіены прадаўца – няма ні мыла, ні ручніка, не працуе рукамыйнік. 

У магазіне № 2 у в. Клівы выкладка харчовых тавараў у халадзільных вітрынах ажыццяўляецца без выкарыстання падносаў – прама на дно вітрыны. І тут не захоўваюцца правілы таварнага суседства, раздзелачны інвентар не прамаркіраваны, у прадаўца не было адзнакі аб флюараграфічным абследаванні.

Зрэшты, што казаць аб сельскім гандлі, калі парушэнні санітарнага заканадаўства выяўлены нават у флагмане раённага гандлю – супермаркеце “Хойніцкі”, у якім да рэалізацыі была дапушчана імпартная садавіна без дакументаў, якія зацвярджаюць іх бяспеку і якасць. Такое ж парушэнне зафіксавана ў магазіне “Абжора”. А ў магазіне № 2 ТДА “Аніс” таксама без дакументаў, якія засведчваюць бяспеку і якасць тавару, у рэалізацыі быў рыс шліфаваны, пастаўлены мінскім ТАА “Уладпрадімпарт” у колькасці 57 кілаграмаў.

Па выніках праверак за парушэнні санітарнага заканадаўства да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 9 пасадавых асоб раённага спажывецкага таварыства і менеджэр ТДА “Аніс”. Выконваючым абавязкі галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Хойніцкага раёна вынесена 7 пастаноў аб прыпыненні эксплуатацыі гандлёвых аб’ектаў, 15 пастаноў – аб забароне рэалізацыі харчовых тавараў.


Н. ЛАГВІНЕЦ,
галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *