Калі мужчына вышывае…

Увлечения хойничан

ЕшченкаЧаста, калі нам даводзіцца бачыць вышываныя карціны, то адразу ўяўляем сабе спакойных жанчын, якія сядзяць у мяккіх крэслах-качалках або на канапе і займаюцца любімай справай. Хаця гэтыя ўяўленні звычайна далёкія ад сапраўднасці.

Вышыванне – гэта такое хобі, якім захапляецца многа людзей незалежна ад узросту, сямейнага становішча і полу. Мужчыны-вышывальшчыкі існуюць, прычым іх нават больш, чым можна сабе ўявіць. Мы ўжо неаднаразова пісалі пра такое захапленне жыхара горада Мікалая Мікітавіча Цыганкова, які знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Свае вышываныя карціны вялікага памеру ён неаднаразова дарыў раённаму краязнаўчаму музею. А таксама аб сям’і хайнічан Ступаковых, у тым ліку яе мужской паловы – бацькі Генадзія Васільевіча і сына Віталія. Сёння расказваем пра такое ж захапленне жыхара нашага горада, інжынера «Вторчермета» Мікалая Міхайлавіча Ешчанкі.

IMG_8230
З народна-прыкладной творчасцю ён знаёмы даўно. Яго, а таксама аднакласнікаў па групе падоўжанага дня да яе далучала калісьці настаўніца Паганянскай сярэдняй школы Надзежда Рыгораўна Шкурко. Трэцякласнікі, і дзяўчынкі, і хлопчыкі, тады вучыліся пад яе кіраўніцтвам вязанню і вышыванню. А таксама выраблялі мяккія цацкі – на лекала ішлі паношаныя плюшавыя жакеткі, якія ў 60-х гадах былі вельмі папулярныя ў гарадскіх і сельскіх жанчын.
Падштурхнула Мікалая Міхайлавіча ўспомніць школьны занятак дачка Вераніка. Два гады таму IMG_8233назад, будучы сямікласніцай гімназіі, яна атрымала дамашняе заданне па вышыўцы. Працуючы над ім, пайшла з бацькам у заклад, маўляў, слаба яму будзе нешта вышыць. Той не спрачаўся, а вырашыў успомніць навыкі, атрыманыя ў дзяцінстве. У якасці дапаможніка ўзяў карцінку, на якой была адлюстравана сабачка ў будцы. Паціху вышываў, тым больш, што знаходзіўся тады на бальнічным. Такім чынам з-пад яго рук выйшла невялічкая карціна памерам 15х9 см.
З таго часу вышыванню крыжыкам М.М. Ешчанка прысвячае кожную вольную сваю хвіліну. Ён справядліва лічыць, што вышыўка вельмі падобна на любы іншы від мастацтва. У прыватнасці, многа агульнага з жывапісам, з той розніцай, што замест фарбаў і палатна выкарыстоўваюцца канва, іголка і ніткі.
Станоўчыя наступствы вышывання відавочныя, бо тэхніка лічбавага крыжыка мае на ўвазе разумовую дзейнасць. Многія мужчыны, якія лічаць вышыванне немудрагелістым жаночым рукадзеллем, здзівяцца, даведаўшыся, што гэты працэс не толькі патрабуе пастаяннага ўліку і сканцэнтраванасці, але дае магчымасць расслабіцца і вызваляе ад напружання, выкліканага тэмпам сучаснага жыцця. Яшчэ адзін плюс вышыўкі крыжыкам – гэта атрыманне задавальнення ад завершанасці сваіх дзеянняў, паколькі работа выконваецца радкамі і адразу можна бачыць вынік. Пасля чаго вышываныя творы будуць упрыгожваць ваш дом доўгія гады.

IMG_8234
У тым, што мужчыны, як правіла, вельмі добра вышываюць, упэўнілася пры выглядзе твораў М.М. Ешчанкі, якія змешчаны на сценах яго двухпакаёвай кватэры па вуліцы Лермантава. Карцін не так многа, але па тэматыцы і дызайну ўсе яны адметныя і разнастайныя. Не адарваць вачэй ад нацюрморта з ландышамі, настальгію навявае карціна «Хутар «Рэчкі», зарад настрою надае сюжэт «На пікніку», прыгажосць прыроды паказвае твор «Зімовы вечар». Толькі пачаў вышываць карціну «Вішні ў карзінцы», а ўжо вельмі зачароўвае яна насычанасцю колеру.
Мікалай Міхайлавіч знайшоў і сюжэты на «мужчынскія тэмы», напрыклад, адзін з дызайнаў прысвечаны коням, гэтым людскім памочнікам: на карціне з адпаведнай назвай мы бачым галаву коніка, які праз агароджу быццам робіць «рэвізію» суседскага двара.
Мае сваё месца на кухні і тэматычная вышытая палічка, на якой адлюстраваны бітон з малаком і слоік з варэннем, сурвэтка і прыхопкі, і, канешне, букет з кветкамі.
Але адна справа вышыць карціну, другая, не менш важная, як лічыць М.М. Ешчанка, даць ёй IMG_8257дастойную аправу. Вось чаму, бываючы ў Гомелі, абавязкова наведвае магазін, дзе купляе гатовыя багетныя рамкі. І задаволены тым, што зараз маецца шырокі выбар мулінэ.
Любімаму занятку прысвячае народны ўмелец выхадныя дні, а таксама з пяльцамі знаходзіцца перад экранам тэлевізара, калі ідуць выпускі навін (іх успрымае на слых) і ў час рэкламы пры паказе фільмаў. Вышыванне дазваляе Мікалаю Міхайлавічу не толькі расслабіцца, у яго ёсць ужо дастатковы вопыт, каб не сачыць пастаянна за ніткай. Значыць, з’яўляецца час аб чымсьці падумаць, паразважаць аб рэчах, аб якіх няма часу ўспомніць у паўсядзённым жыцці.
IMG_8245І  нарэшце, хобі Мікалая Міхайлавіча Ешчанкі ўхваляюць жонка Наталля Уладзіміраўна, якая працуе дырэктарам цэнтральнай раённай бібліятэкі, і дачка Вераніка, якая закончыла 9 класаў гімназіі. Часам і яны садзяцца за пяльцы. А калі існуе такое аднадушша, то гэта адзін з выхаваўчых аспектаў у сям’і, які сведчыць аб тым, што тут пануе поўная гармонія.

Клаўдзія БОСАК.
Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *