З улікам густу пакупнікоў

Образование

Ва ўсе часы прэстыжна мець дома багатую бібліятэку, каб у ёй былі поўныя зборы твораў любімых класікаў, апошнія навінкі літаратуры. Праўда, раней сустракаліся і такія “кнігаманы”, якія падбіралі кнігі па колеру вокладкі, пад інтэр’ер кватэры, і ніколі іх не чыталі, лічачы, што ідуць у нагу з часам.

– Тады чэргі былі на падпісныя выданні, – гаворыць загадчыца кніжнага магазіна, які знаходзіцца на цэнтральнай плошчы горада, Алена Міхайлаўна Сакун. – Калі паступала літаратура, то на працягу двух-трох дзён разбіралася. І ніхто нават не абураўся, калі ў нагрузку давалася тая, што не карысталася попытам, гадамі стаяла на паліцах.

– Алена Міхайлаўна, з Вашым вопытам можна параўнаць наколькі змяніўся попыт на кнігі…

– Што датычыць вопыту, то ў гандлі, пасля заканчэння кааператыўнага інстытута па спецыяльнасці “таваразнаўца па кнізе”, працую з 1973 года. Безумоўна ж, тавараабарот знізіўся. Аднак штомесяц план выконваю. Да прыкладу, у мінулым рэалізавана кніг на 5,5 мільёна рублёў, не менш будзе і ў студзені. У летнія месяцы, асабліва перад пачаткам чарговага навучальнага года, пакупнікоў больш. У верасні, напрыклад, тавару прададзена на 12 мільёнаў рублёў.

– І хто Вашы пастаянныя пакупнікі?

– Адзначыла б дамашніх гаспадынь. Ім падавай белетрыстыку, раманы і аповесці пра каханне. Актыўна раскупляюцца дэтэктывы, літаратура для дзяцей. Вельмі многа бяруць энцыклапедычных выданняў у якасці падарункаў да дня нараджэння, перад навагоднімі святамі. На працягу года частыя пакупнікі студэнты сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў.

– Але ж, каб чалавек ішоў у кнігарню, ён павінен ведаць, што набудзе патрэбнае яму.

– Пастаянна трымаю ў полі зроку попыт пакупнікоў. Справа ў тым, што ў адной асобе я і загадчыца магазіна, і прадавец, і таваразнаўца. Кіраўніцтва райпо не абмяжоўвае ў суме завозімага тавару. Скажам, належыць узяць кніг на 36 мільёнаў рублёў, бяру на 70, ведаючы, што яны не залежацца. Стараюся, каб пакупніку зручна было выбраць тую ці іншую кнігу. Яны расстаўлены на паліцах па раздзелах: слоўнікі, палітычная літаратура, юрыдычная, падручнікі для школьнікаў, літаратура сельскагаспадарчай тэматыкі, па будаўніцтву, медыцынская, мастацкая, дзіцячая і г.д.

Без пахвальбы магу сказаць, што асартыментам задаволены не толькі хайнічане, але і госці нашага горада. Да прыкладу, прыезжаючыя з Нароўлі, Брагіна, Лоева і іншых гарадоў.

– Акрамя кніг у магазіне ёсць і іншыя тавары. Рэалізацыя іх у значнай ступені ўплывае на выкананне плана тавараабароту?

– Не сказала б. Паштоўкі, календары ліставыя і перакідныя, пісьмовыя прыналежнасці вялікай выручкі не прыносяць. Іншая справа – рэпрадукцыі карцін. Калі ў г. Рэчыцы праводзіліся рэспубліканскія “Дажынкі”, карцін было закуплена на 3 мільёны рублёў. Многа іх таксама набыў ДЛГУ “Хойніцкі лясгас” для доміка паляўнічага. Але гэта па безнаяўнаму разліку, што не ўваходзіць у план тавараабароту магазіна.

– І ўсё ж, Алена Міхайлаўна, ці можна сёння сказаць, што ў наш час сярод насельніцтва ўпаў інтарэс да набыцця кніг?

– Той факт, што ў параўнанні з васьмідзесятымі-дзевяностымі гадамі мінулага стагоддзя людзі набываюць кніг менш, зусім не сведчыць аб гэтым. На мой погляд, сёння не кожнаму па кішэні набыць, скажам, поўны збор твораў  нейкага класіка, энцыклапедычнае выданне. Ды і няма дэфіцыту ў кнігах. Мода прыходзіць і ўходзіць, і зараз  ужо не купляюць для таго, каб паставіць кнігі ў шафу і пахваліцца гасцям.

Я запрашаю ўсіх, карыстаючыся выпадкам, у наш магазін. Кнігі былі і будуць заўсёды самым каштоўным падарункам, а ў нас іх можна набыць на любы густ і патрэбу.


Запісаў Уладзімір СЯМЕНАЎ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *