Чарнобыльскія дзённікі: «Мой родны дом стаіць ля рэчкі…» – пра што ўспамінае Алена з Аравічаў?

Наши проекты Чарнобыльскія дзённікі

У сваёй рубрыцы, прысвечанай 40-годдзю аварыі на Чарнобыльскай АЭС, мы знаёмім з гісторыямі людзей, якія перажылі асабістае гора: развітанне з малой радзімай.

З ураджэнкай вёскі Аравічы Аленай Рабянок (у дзявоцтве Прышчэп) сустракаемся на рабочым месцы маёй гераіні – Алена Іванаўна доўгі час узначальвае дзіцячы садок № 4 у Хойніках. Калісьці яна толькі марыла стаць настаўнікам – перад вачыма вобраз яе класнага кіраўніка Вольгі Лягун, якая і залажыла ідэал сапраўднага педагога: чалавека, для якога вучні становяцца кімсьці большым.

– Адзін з яркіх успамінаў майго дзяцінства: улетку ў Аравічы прыязджаў сапраўдны кінарэжысёр з Ленінграда. Чамусьці запомніла, што яго жонку звалі Серафіма. Яны тады прапанавалі мне сфатаграфавацца на памяць: на здымку я пазірую ў плоце, з босымі ножкамі і букетам палявых красак. Вакол родныя краявіды і быццам жыццё так і застанецца вечным шчасцем…

Сапраўды ў той час юнай Лене Прышчэп вясковы быт быў падобны на казку: родная хата з відам на рэчку, летам у госці да роднай цёткі ў горад Прыпяць, частыя падарожжы на лодцы ці на «Ракеце» ў Чарнігаў і Кіеў. У райцэнтры дзяўчына бывала радзей, чым бачыла сталіцу УССР. А ўсе магчымыя далікатэсы сям’я набывала ў Прыпяці – вітрыне савецкай светлай будучыні, горадзе атамшчыкаў.

– У дарослым узросце з жахам усвядоміла: маёй матулі на момант аварыі на ЧАЭС было 45 гадоў. Уявіце: жанчына ў самым росквіце сіл, дома любімы муж, сынок служыць у арміі ажно ў Германіі, падрастае дачка-падлетак – зорачка школы, «агеньчык» і першая памочніца для ўсіх. На дварэ працягваецца будаўніцтва: побач ля вялікага дома будзе вялізарны сарай. Хутка пачнем саджаць бульбу – надта спякотная вясна выдалася…

Сям’я Алены Іванаўны адной з першых на Хойнікшчыне даведалася пра тэхнагенную аварыю. Сястра матулі раптоўна прыехала да іх са сваімі дзецьмі. А назаўтра ў небе пачалі лятаць верталёты. І ўсё ж для юнай Алены гэта было неяк дзіўна, але яшчэ не трагічна. Пакуль 1 мая яна не пачула ад сваёй настаўніцы пра эвакуацыю.

Казалі, трэба паехаць усяго на тры дні, для гэтага сабраць трохі адзення, сяго-таго. Матуля збірала сумку, паклала туды нават тушонку. Але дачка з усмешкай даставала залішкі: навошта, маўляў, столькі для трохдзённага адсутнічання? Пра тое, што ўсё надта сур’ёзна, 15-гадовая Лена зразумела літаральна праз гадзіну, калі з суседніх вёсак дзяцей адрывалі ў слязах ад бацькоў. У той вечар дзеці начавалі ў Судкова, на наступны апынуліся ў інтэрнаце трэцяй гарадской школы. Стала зусім сумна.

Далей шлях адселеных дзетак лёг у лагер «Рамашка» пад Гомелем, а потым – у вёску Пішчалава пад Оршай. Там старэйшыя рабяты рабілі ў полі, неслі дзяжурства па кухні. Але на душы ў кожнага было так цяжка. Хаця б трохі павесяліць рабят імкнулася любімая настаўніца Вольга Пятроўна, а бадзёрасць духу падтрымлівала дырэктар Звеняцкоўскай школы Ніна Алейнік. Ніна Ульянаўна, успамінае мая суразмоўца, так магла сказаць, што не хочаш, а возьмеш сябе ў рукі.

У той жа час бацькі Алены Іванаўны з-за вялізарнай занятасці не маглі наведаць дачушку: мама эвакуіравала сельскую бібліятэку, дзе была загадчыцай, бацька ад сельгастэхнікі ездзіў па камандзіроўках да Прыпяці. У жніўні сям’я вызначылася: жыць будуць у Хойніках. І хаця для выселеных аравічцаў будавалі домікі ў вёсцы Кароткавічы Жлобінскага раёна, дарослыя выбралі быць бліжэй да малой радзімы. Туды і сёння сэрцам цягнецца Алена Іванаўна. Але ж з цягам часу роднымі ёй сталі і Хойнікі, дзе дзяўчына закончыла 10 клас сярэдняй школы № 1. Сталі сапраўднымі сябрамі ёй хойніцкія аднакласнікі, але з асаблівай пяшчотай яна расказвае пра сваіх сяброў дзяцінства з Аравіч.

І ў жыцця ёсць пачуццё гумару: дачка гераіні Наталля пайшла замуж за свайго любімага, а яго бацькі, як высветлілася, былі перасяленцамі з вёскі Дронькі, якія пасля эвакуацыі паехалі жыць… у тыя самыя Кароткавічы.

Дзе б ні жылі сёння аравічцы, іх, дзякуючы Алене Іванаўне, аб’ядноўвае любоў да роднага краю і ўспаміны, якія сабраны на старонцы «Моя Родина Оревичи» ў сацыяльнай сетцы Аднакласнікі. Там наша жанчына-агеньчык не стамляецца заклікаць: не забывайце пра родныя мясціны, пакуль сэрца б’ецца, землякі! І яны не забываюць!

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *