Чарнобыльскія дзённікі: пра былое нагадваюць кнігі – жыхарка Хойнік Тамара Кардаш зберагла друкаванае слова

Наши проекты Чарнобыльскія дзённікі

Кніга – лепшы падарунак. Калісьці гэтыя словы былі прамым сведчаннем вялікай павагі да друкаванага слова. Пра каштоўнасць кніг і гаварыць не варта было, а папулярнасць кнігазбораў стала почыркам эпохі.

З няменьшай павагай адносіліся і да бібліятэкараў. Можа, менавіта рэпутацыя прафесіі калісьці вырашыла лёс жыхаркі Хойнік Тамары Кардаш. Ураджэнка вёскі Конкавічы Петрыкаўскага раёна, маладзенькая Тамара ў 1985 годзе прыехала на Хойнікшчыну маладым спецыялістам разам с сяброўкай і калегай Таццянай.

– Час праляцеў так хутка! Летась адзначала 40 гадоў працоўнага стажу, а быццам і не адчула, – са здзіўленнем пазначае Тамара Мікалаеўна.

Дзяўчына хутка асвоілася, у гэтым вялікую падтрымку адчувала ад кіраўніка Хойніцкай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Бэллы Пярцоўскай. У красавіку 1986 года Тамара, як і ўсе ў раёне, хадзіла на работу і не мела аніякіх падазрэнняў, што навокал дзеіцца небяспека.

– Пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС даведалася адначасова з усімі ў бібліятэцы. Раптам для мяне ў горад прыехалі ваенныя, пачалася эвакуацыя дзяцей. Паехалі з Хойнік і некаторыя з маіх калег, – цяпер абмяркоўвае мінулае суразмоўца. – Мы цалкам не ўсведамлялі небяспекі. Можа, таму што радыяцыя ніяк сябе не праяўляла – той самы нябачны вораг, ад якога не ведаеш, як схавацца.

У тыя дні медыкі наведвалі ўсе домаўладанні, выдавалі лекі супраць ёдадыфіцыту, расказвалі, як трэба сілкавацца і сачыць за асабістай гігіенай.

З-за таго, што ўсіх дзяцей вывезлі, горад нібы спусцеў. Як падкрэслівае Тамара Мікалаеўна, нават сустрэць кагосьці на вуліцы стала дзіўным. Але людзі былі – яны проста шмат працавалі, а потым ішлі адразу дадому.

І ў бібліятэкараў было нямала заданняў. Сама Тамара Кардаш, напрыклад, ездзіла ў камандзіроўкі ў Аравічы і пазней у Бабчын. Адтуль патрэбна было вывезці кнігі з мясцовай бібліятэкі. З-за вялікай колькасці назваў выбар зрабілі на самых запатрабаваных у насельніцтва – у спіс дыфіцытных трапіла мастацкая літаратура, у тым ліку і замежная. Напрыклад, творы Тэадора Драйзера і Аляксандра Дзюма. Кнігі загружалі ў аўтобус, а потым адвозілі ў спецыяльнае сховішча, якое размясцілі на тэрыторыі былога краязнаўчага музея (ад аўтара: да 2010 года ўстанова знаходзілася на вул. Савецкая насупраць будынку Дзяржаўтаінспекцыі). Усю літаратуру абавязкова правяралі на ўтрыманне радыенуклідаў.

Па такім жа прынцыпе эвакуіравалі кнігі з Бабчынскай сельскай бібліятэкі.

І зноў не ў першы раз чую падобны адказ на пытанне «Што дапамагло сберагчы супакой і не паддавацца паніцы?» Тамара Мікалаеўна, як і папярэднія мае героі, проста адказвае: «Ды не думала нават пра гэта. Можа, маладосць дапамагла: па-іншаму былі растаўлены прыярытэты, хацелася проста жыць».

Дарэчы, у роднай вёсцы бацькі імкнуліся пераканаць дзяўчыну – нашто сядзець на чужыне, калі адтуль людзі едуць? Але ж Тамара цягнулася ў Хойнікі, дзе чакаў каханы.

За работу па ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС Тамары Мікалаеўне ўручаны медаль, маецца і пасведчанне пацярпелай па артыкуле 19. Штогод у красавіку-пачатку мая зноў прыходзяць на памяць тыя ўспаміны: неверагодна прыгожае ўзбярэжжа Аравічаў, квітнеючыя сады Бабчына і сумны жаль, што ў імгненне такія краявіды пераўтварыліся ў чарнобыльскую зону, змяніўшы лёсы тысяч людзей.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *