Чарнобыльскія дзённікі: пасля красавіка 1986-га Хойніцкае вучылішча не спыніла работу, а калектыў не пакінуў вучняў

Чарнобыльскія дзённікі

Напярэдадні аварыі на Чарнобыльскай АЭС у Хойніцкім сярэднім прафесійным вучылішчы № 183 навучалася больш за 600 рабят амаль з усёй вобласці, у тым ліку Нараўлянскага і Брагінскага раёнаў.

Напярэдадні майскіх святаў рабят па традыцыі адпусцілі на выхадныя дні. Але з-за трагічнага здарэння хутка выйшлі загады абласнога ўпраўлення прафтэхадукацыі аблвыканкама, а затым і дырэктара вучылішча Аляксандра Радзюка: тэрмінова сабраць усіх навучэнцаў і эвакуіраваць з пацярпелых раёнаў вобласці. Хто ж адправіўся на пошукі падлеткаў? Вядома, іх майстры і настаўнікі з вучылішча. Уявіце сабе: дарослыя вымушаны былі зрабіць неверагоднае ды і ў самыя кароткія тэрміны. І з гэтым нашы землякі паспяхова справіліся.

– Мне давялося наведаць вёскі Аравічы, Пагоннае нашага раёна і н.п. Ільічы Брагінскага, – дзеліцца ўспамінамі адна з педагогаў Любоў Дубатдзел. – Ніхто з маіх калег не пакінуў рабочыя месцы, была высокая адказнасць за навучэнцаў сваёй групы да апошняй хвілінкі, пакуль літаральна ўсе не паехалі на аздараўленне.

Установа адукацыі спусцела, але ненадоўга. Менавіта там у гэты час размясціўся воінскі медыцынскі санітарны батальён, куды звозілі ваенных і сяльчан з забруджанай радыенуклідамі зоны.

Але ж навучальны год варта было завяршыць. Таму навучэнцаў адвезлі ў аналагічныя ўстановы Гомеля. А затым на аздараўленне ў Анапу і Мінскую вобласць.

– Нашы навучэнцы неяк раптоўна пасталелі, сталі нязвычна дарослымі і больш адказнымі. Старэйшыя наглядалі за малодшымі, хаця ў кожнай групе быў свой выхавацель. Але, на вялікі жаль, у тыя дні нашых рабят не радавала ні ласкавае сонца, ці цёплае мора… Яны ўжо ведалі, што многія засталіся без малой радзімы…

У пачатку верасня 1986 года ўсе зноў сабраліся ў сценах роднай установы. Але з таго часу акрамя вучэбных заняткаў і выхаваўчых мерапрыемстваў для пазнавальных лекцый запрашаліся афіцэры з воінскіх часцей, якія размяшчаліся тады ў Навасёлках і Рудакове. А самадзейныя артысты вучылішча нават ездзілі туды з канцэртамі.

Час няўмольна ляціць наперад. Многіх з выкладчыкаў няма ў жывых, некаторыя раз’ехаліся за мяжы вобласці, некаторыя працуюць і цяпер. Але памяць пра той час застанецца з землякамі назаўсёды.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота прадастаўлена Л. Дубатдзел.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *