Малая радзіма: не цьмянее памяць – былыя жыхары Амелькаўшчыны ведаюць свае карані

Наши проекты

Плануючы знакавыя для сябе паездкі, людзі па новай звычцы перш за ўсё зазіраюць у прагноз надвор’я: якім яно будзе ў гэты дзень? Вядома, зазіралі і мы, былыя амелькаўцы.

Наперадзе ж наша штогадовая сустрэча, наша прастольнае свята – Прасвятая Тройца, што калісьці святкавалася ў Амелькаўшчыне і святкуецца да гэтага часу яе былымі жыхарамі.

Раней прагноз быў не вельмі спрыяльны – дождж перад гэтым аж два дні, а потым некамфортныя 16 градусаў. А перад самым святам ён і зусім сапсаваў усім настрой – стаў прадвяшчаць суцэльныя дажджы на ўвесь дзень. Адно давала надзею, што не можа ў гэты дзень надвор’е быць дрэнным: за ўсе ранейшыя 15 год, як сталі збірацца землякі на малой радзіме, ні разу не было моцных дажджоў, ветру і холаду. Хоць і вялікай спякоты таксама: навакольны лес засцерагае не толькі ад вятроў, але і дае прыемную прахалоду. Карацей кажучы, малая радзіма ніколі не была непрыветнай. Але, відаць, напалоханыя халоднай вясной, больш падобнай да восені, многія людзі нават у апошні веснавы дзень асцерагаліся паехаць на свята.

Так, прагноз палохаў. Ды ўсё ж, тым не менш, адна за адной машыны пад’язджалі і пад’язджалі да месца сустрэчы – каля двух дзясяткаў аўтамабіляў прывезлі гаспадароў і гасцей на малую радзіму.

Тыя, хто прыехаў у Амелькаўшчыну, былі ўзрушаны да глыбіні душы з самага пачатку, як толькі звярнулі з Дубровіцы на сваю дарогу: такі сюрпрыз, такі цудоўны падарунак атрымалі землякі ад калектыву ДЭУ-155, якое ўзначальвае Дзяніс Караткевіч! Малады кіраўнік арганізацыі не застаўся абыякавым, калі даведаўся пра трывогу і занепакоенасць амелькаўцоў: дарога, і так значна пашкоджаная магутнай тэхнікай нафтавікоў, пасля дажджоў магла стаць проста непраходнай для легкавушак. Вынік іх руплівай працы – шчырыя словы падзякі літаральна ад кожнага ўсім людзям, якія блізка да сэрца прынялі праблему вяскоўцаў. Бо каб вы пабачылі тую адрамантаваную дарогу: роўненькая, падсыпаная шчэбнем, з чыстымі абочынамі!

А яшчэ зашчымела сэрца, калі на выездзе з Дубровіцы ўбачылі стары павільёнчык – былы аўтобусны прыпынак, дзе мы столькі разоў бавілі час, чакаючы транспарту на Амелькаўшчыну.

Не забылі мы ў гэты дзень і пра яшчэ адзін калектыў, які ўспомнілі з удзячнасцю, – нашых шэфаў з Хойніцкага лясгаса. Яны таксама кожны год адгукаюцца на просьбы вяскоўцаў. Летась работнікі гэтага прадпрыемства вырабілі і ўстанавілі новыя вароты на могілках замест старых, што ўжо адслужылі сваё за доўгія гады. А ў гэтым годзе выдзелілі матэрыял і дапамаглі з вырабамі дзвюх дабротных лавак, якіх так не хапала пажылым людзям, каб прысесці пад магутнымі дрэвамі каля альтанкі і паслухаць песні артыстаў, палюбавацца раскошнай зелянінай наваколля.

Дарэчы, каб лаўкі не баяліся непагадзі, наш стараста Аляксандр Рыгоравіч Кузьменка купіў спецыяльную прапітку і некалькі разоў апрацаваў іх. А колькі разоў ён ездзіў у Амелькаўшчыну, каб падрыхтаваць месца сустрэч да свята! Сціплы чалавек, каб кожны раз купіць і бензін, і пачастункі для гасцей, і прывезці ўсё неабходнае ў вёску, маючы не вельмі вялікую пенсію, знайшоў выхад, як аплаціць свае выдаткі: здаў на металалом гараж для матацыкла! А потым ціха сказаў: у кішэні цяпер пуста (дададзім: і гаража няма!), затое радасна і лёгка на душы!

Аляксандр Рыгоравіч прыехаў у Амелькаўшчыну не адзін, а, можна сказаць, вялікім калектывам: жонка, сын з нявесткай і пяцёра ўнукаў! Сказаў: хай дзеці ведаюць, дзе іх карані, іх вытокі. І вельмі кранальна было бачыць, як двухгадовы Сашачка, названы сынам Андрэем у гонар дзеда, прыйшоў на магілу прапрабабулі Машы, паклаў цукерку і пагладзіў яе партрэт.

З павагаю ўсе ўнукі прыносяць сюды кветкі, каб ушанаваць яе памяць, гэтай сціплай працаўніцы: муж прапаў без вестак у гады вайны, і яна, худзенькая невысокая жанчына, адна падымала вялікую сям’ю – двух сыноў і трох дачок. А пазней радавалася чатырнаццаці ўнукам, якія дагэтуль не забываюць пра сваю бабулю – адзін з іх, Анатоль, і яго сын Эдуард прыязджалі некалькі год назад ажно з Іркуцкай вобласці, з далёкага Брацка. Месца, дзе была бабуліна хата, можна пазнаць хіба толькі па таўшчэзным вязе, пасаджаным яшчэ перад вайной яе мужам, дзедам Раманам. Нікому не дазваляла бабуля чапаць дрэва. І вось стаіць яно столькі год, нагадваючы пра галаву вялікага роду…

Дарэчы, у дзень свята сын Аляксандра Рыгоравіча Андрэй павінен быў пасля абеду ад’язджаць на працу ў Маскву. Але не застаўся дома, прыехаў у Амелькаўшчыну.

Старэйшы брат Аляксандра, Мікалай Рыгоравіч, таксама падтрымаў брата ў добрых справах: са сваёй пенсіі купіў два вялікія вянкі да помнікаў загінуўшым на фронце землякам і расстраляным фашыстамі жыхарам вёскі. І на кожным – стужка з надпісам: «Ад жыхароў вёскі Амелькаўшчына». Нягледзячы на слабае здароўе, прыехаў Мікалай Рыгоравіч на свята, і самае першае, што зрабіў, – пасядзеў на шыкоўнай лаўцы, усміхаючыся людзям, што захапляліся новымі падарункамі ад землякоў.

Сапраўднымі апладысментамі сустрэлі землякі самую старэйшую з тых, хто рызыкнуў у гэты дзень прыехаць на малую радзіму, – Валянціну Фёдараўну Паўлянок. Прыгажуню-мамачку прывезлі ў вёску дочкі (адна з іх на свята прыляцела ажно з Сірыі). Не паленаваліся, узялі з сабой з дому крэсла, каб зручней было сядзець маме.

Шкада, што не дазволіла здароўе ў гэтым годзе прыехаць нашай старэйшыне, гісторыку вёскі, 87-гадовай паэтэсе Марыі Сафронаўне Філончык. А яна ж так рыхтавалася, напісала свае новыя пранікнёныя і кранальныя вершы, каб прачытаць іх на свяце.

Вядома, перажываюць людзі: з кожным годам менш становіцца тых, хто яшчэ мае сілы прыехаць у вёску. Бо вельмі многіх ужо няма на свеце, а самым маладым з тых, хто жыў у Амелькаўшчыне, ужо пад семдзесят. Але нават праз сорак год пасля Чарнобыля ідуць яны, як Алена і Аляксандр Зелянкоўскія, да свайго былога селішча, якога ўжо даўно няма, каб успомніць, як бегалі тут басанож па вуліцы, каб падысці да ацалелай сцяны школы, дзе да гэтага часу ўсе беспамількова пазнаюць кабінет іх мамы, дырэктара Марыі Адамаўны, пасярод якога вырасла вялізнае дрэва – помнік калысцы нашых лёсаў, якое гэтыя сцены столькі год захіналі ад вятроў і сцюжы, быццам сама настаўніца, як некалі сваіх дарагіх вучняў, цяпер аберагала яго.

У мінулым годзе па дарозе ў Амелькаўшчыну былыя вучні, ажно 16 чалавек, поўны мікрааўтобус, з’ездзілі ў Пудакоў, дзе пахавана Марыя Адамаўна разам з мужам, таксама нашым настаўнікам, Мікалаем Фамічом. І цяпер традыцыю вырашылі не перарываць – зноў, ужо пасля свята, паехалі на месца іх апошняга прытулку. Памяць не цьмянее з гадамі, і помняць людзі ўсё тое добрае, што некалі, так даўно, было ў іх жыцці.

Удзячны жыхары Амелькаўшчыны і святару айцу Віталію, які столькі год не лічыцца з часам і прыязджае да нас, каб правесці святочнае богаслужэнне, асвяціць накрытыя сталы са шчодрымі пачастункамі, акрапіць прысутных святой вадою на добрае здароўе і шчаслівае жыццё. І кожны не забывае набраць гэтай вады дадому, каб яна была абярэгам у кожнай хаце, светлым прывітаннем з радзімы.

Кожны год на свяце абавязкова адбываюцца канцэрты. Розныя калектывы прыязджаюць сюды, каб падняць настрой прысутным, стварыць святочную атмасферу. У гэтым годзе да нас прыехалі дзяўчаты з Вышаміра калектыў, якім кіруе дырэктар мясцовага Дома культуры, ураджэнка Амелькаўшчыны Людміла Царанок.

Шмат пачастункаў было на шчодра накрытых сталах. І, што здзіўляе, менавіта ў апошнія гады гаспадары свята гатуюць стравы не толькі на сваю сям’ю, а чалавек на сорак-пяцьдзясят! Усе памятаюць, як шмат год Раіса Максімаўна Кузьменка, Валянціна Фёдараўна Паўлянок і Мар’я Сафронаўна Філончык прывозілі па вялізнай каструлі найсмачнейшых бліноў-наліснікаў. У гэты раз на стол выставіла прысмакі Раіса Максімаўна, і макавыя залацістыя бліны з цукрам, маслам і смятанай не пакінулі раўнадушным нікога, хто паспытаў іх.

Станіслаў Рыгоравіч, Андрэй Аляксандравіч і Аляксандр Рыгоравіч Кузьменкі прыгатавалі некалькі каструль каўбас і шашлыкоў. Гарачыя, з полымя, з жару, з водарам дыму, яны далёка навокал разносілі святочны пах, і, выходзячы з машын, усе адразу адзначалі: о, свята пачалося!

Аляксей Аркадзьевіч Паўлянок, вялікі знаўца сыроў, у гэтым годзе зноў прывёз некалькі відаў гэтага прадукту і частаваў усіх, падказваючы, у чым адметнасць кожнага.

Былая работніца Хойніцкага хлебазавода Надзея Іванаўна Гуляй таксама не здрадзіла сваёй прафесіі, едучы ў Амелькаўшчыну: як звычайна, напякла для ўсіх найсмачнейшага хлеба і цудоўных кексаў.

Нечакана здзівілі землякоў Таццяна і Сяргей Савіцкія. Яны прывезлі некалькі рамак з мядовамі сотамі, што, нягледзячы на халаднаватую вясну, запоўнілі іх пчолкі. Майскі мёд – што можа быць смачнейшым не толькі для дзяцей, а і для дарослых?

Перад самай паездкай мне давялося пагутарыць з Таццянай – жанчынай, што некалі таксама жыла ў Хойніцкім раёне. З сумам успомніла яна і сваю малую радзіму, наракала, што іх вёскі таксама ўжо няма на карце. А потым пазайздросціла нам, што сустракаемся вось так ужо шмат гадоў (казала, чытала ў «Хойніцкіх навінах»), і папрасіла перадаць на свяце вялікае прывітанне ўсім ад жыхаркі Ломыша.

Дзякуй вялікі і за прывітанне, і за тое, што таксама чытаеце нашу раённую газету. Нізкі паклон усяму калектыву рэдакцыі, бо часта змяшчаеце матэрыялы і пра адселеныя вёскі, і пра лёсы іх былых жыхароў, што для нас вельмі важна і дорага!

Наша свята ў 16-ты раз нагадала ўсім, што, хоць і становіцца менш шматлікім, не губляе сваёй трываласці, моцы, працягвае яднаць тых, хто жыў тут калісьці, у каго ў пашпарце значыцца месца нараджэння вёска Амелькаўшчына. І мы спадзяёмся, што ў наступным годзе ніякае надвор’е не перашкодзіць нам зноў сустрэцца тут – калі не памыляемся, 23 чэрвеня – на Тройцу.

Надзея ЦАРАНОК, былая жыхарка Амелькаўшчыны.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *