«Клубнічны» світанак, «зялёная школа» і катанне на крыгах

Вёсачка мая

IMG_6534Кожны год на Радуніцу сюды па такой блізкай сэрцу дарозе едуць людзі. Прыязджаюць цэлымі сем’ямі. Тут яны са слязамі на вачах зноў становяцца на родную землю. Шукаюць знаёмыя, толькі ім зразумелыя абрысы сярод дрэў, дзе калісьці былі бацькоўскія хаты.

Былыя жыхары з’язджаюцца з розных куткоў нашай краіны, блізкага і далёкага замежжа, наведваюць могілкі, збіраюцца разам, гутараць, успамінаюць… А ўзгадаць ім сапраўды ёсць што. Вёска Пудакоў была вельмі прыгожая. Дзе зараз аўтобусны прыпынак, знаходзіўся магазін, крыху далей – вялікі клуб, мелася і школа-чатырохгодка. Пасля яе дзеці працягвалі навучанне ў школах суседніх вёсак – Велеціна і Мікулічаў. «Дождж размые дарогу – старшакласнікі на плячах пераносілі малых праз лужы, а калі снегам замятала – ішлі па пераду і пратоптвалі шлях. Дзяцей у вёсцы было многа, дружныя ўсе былі, – расказвае ўпаўнаважаная вёскі Вольга Сямёнаўна Бандарэнка. – Штогод 19 мая хадзілі на Маскаліху (так завецца ўрочышча каля вёскі), палілі касцёр, урачыста прымалі акцябрат у піянеры. Моладзь дапамагала гаспадарцы: на збожжатаку працавалі, на палях сена збіралі, бульбу палолі, кукурузу і буракі грацавалі. Да цяжкай працы былі прывучаны з дзяцінства».

IMG_6533

Яшчэ мая прыемная субяседніца ўзгадала, што раней у Пудакове была свая агародніцкая брыгада – вырошчвалі клубніцы, парэчку, агрэст, памідоры, радыску, кавуны.
«Вельмі смачна кармілі ў нашай школе: смак тоўчанай бульбы з кансервамі на ўсё жыццё запомніўся, – усміхаючыся гаворыць Вольга Сямёнаўна. – А яшчэ мы з нецярпеннем чакалі Новага года. На лінейцы ў школе ўручалі падарункі: калі добра вучыўся – атрымліваў тры мяшочкі цукерак, крыху слабей – два, сярэдне – адзін. Невымоўныя былі адчуванні, калі стаяў з гэтымі салодкімі заахвочваннямі перад вучнямі, настаўнікамі і бацькамі. Дарэчы, гэта быў добры стымул для вучняў.»

IMG_6502Пудакоўцы любілі хадзіць у клуб на танцы. Перыядычна там «круцілі» фільмы, асаблівую цікавасць у мясцовай публікі выклікалі індыйскія. Дзеці «нікалі» пад вокнамі, каб падгледзець хоць некалькі кінафрагментаў – за што іх, канешне, «ганялі» дарослыя. Ставілі на сцэне клуба розныя спектаклі, часта прыязджалі артысты з горада. На Новы год вяскоўцы рыхтавалі цудоўныя ранішнікі, усе пераапраналіся ў маскарадныя касцюмы, спявалі песні, чыталі вершы. Што і казаць, весела было!
Яшчэ адзін з яркіх успамінаў Вольгі Сямёнаўны Бандарэнка – яе выпускны вечар: адзначалі яго ў клубе, а пасля пайшлі сустракаць світанак у калгасныя клубніцы. Вось такі атрымаўся клубнічны світанак…

IMG_6496А яшчэ ў іх была так званая зялёная школа. Я не адразу зразумела, што маецца на ўвазе, але потым жанчына мне патлумачыла – так называлі прагулы ў школе. Было месца ў ляску, дзе дзеці, прапускаючы ўрокі, каталіся на арэлях.
Але гэта былі не адзіныя дзіцячыя свавольствы – рабяты яшчэ вельмі любілі зімой катацца на крыгах (кавалках лёду). Толькі заўважаць бацькі гэтыя катанні, з галашэннем гоняць дзяцей да хаты.

Былі ў Пудакове і свае малочнатаварная, птушкаферма, аўчарня, млын. Дарэчы, мясцовыя жыхары і зараз тое месца так і называюць «За млынам». У лесе, што вакол вёскі, было многа грыбоў і ягад, – вярталіся адтуль з поўнымі кошыкамі, потым варылі варэнне, займаліся кансервацыяй.
Вольга Сямёнаўна Бандарэнка карэнная жыхарка, яе муж Уладзімір Анатольевіч – таксама. Разам яны жывуць 31 год. Гэта надзвычай добрыя і працавітыя людзі. Выхавалі пяць сваіх дзяцей і дваіх пляменнікаў. Амаль усе яны звязаны з сельскай гаспадаркай, засталіся вернымі справе бацькоў. З дзяцінства ва ўсіх хатніх справах дзеці дапамагалі ім, ды і зараз прыязджаюць часта, каб аказаць дапамогу. Вольга Сямёнаўна працавала загадчыцай мясцовай фермы, а муж і зараз за рулём рабочай машыны – ён вадзіцель сельгаспрадпрыемства «Веляцін».

Яго імя штогод фігурыруе ў раённых зводках перадавікоў. І нездарма, Уладзімір Анатольевіч – чалавек вельмі адказны: прыязджае, да прыкладу, у восем гадзін вечара дамоў – адразу лезе пад машыну, да дзвюх ночы можа яе «круціць», толькі потым кладзецца спаць. Трыццаць гадоў ГАЗу, а ён, дзякуючы добраму гаспадару, і сёння шпарка «лётае» па палях і дарогах.
У жонкі свае клопаты – даглядае куранят і качанят. Пагутарыўшы са мной у цені дрэў на лавачцы, яна якраз пайшла паіць вадой сваіх жоўценькіх любімчыкаў.
Паводле перапісу 1959 года ў Пудакове было 528 жыхароў. Сёння засталося – 60 чалавек.
Самыя старэйшыя жыхары – Таццяна Ігнацьеўна Бандарэнка, Кацярына Андрэеўна Палхоўская, Марыя Іванаўна Зелянкоўская, Васілій Міхайлавіч Палхоўскі, Марыя Мікалаеўна і Пётр Канстанцінавіч Яромчыкі.

IMG_6483А яшчэ Надзежда Гаўрылаўна, з якой мне таксама пашчасціла пазнаёміцца. Родам жанчына з вёскі Рыжкаў Брагінскага раёна. З мужам Віктарам, які быў з Пудакова, пазнаёмілася на танцах. Сустракаліся, потым згулялі вяселле, і дзяўчына змяніла дзявочае прозвішча Козел на пудакоўскае Бандарэнка. Муж быў трактарыстам, а яна дваццаць два гады працавала даяркай на ферме. Была перадавой работніцай, аб чым сведчаць Пахвальныя лісты і Ганаровыя Граматы, якія Надзежда Гаўрылаўна паказала па маёй просьбе. Яны выхавалі чацвярых дзяцей, дзве дачкі жывуць у Рэчыцы, а сыны ў Пудакове.

Жанчына з вялікім болем расказвала пра жахі вайны, як елі бабонікі (гнілую бульбу) і шчаўе, як рады былі кавалачку хлеба. У нашай гутарцы яна некалькі разоў паўтарыла: «Маліцеся, каб не было вайны…»

IMG_6515Зараз – час агародаў, усе пудакоўцы заняты сваімі справамі. Збіраюцца разам у асноўным каля аўталаўкі ці калі пенсію атрымліваюць, пагавораць, навінамі падзеляцца, ды зноў разыйдуцца па дамах. Апошнія вялікія святы, якія тут былі, гэта вяселлі ў сыноў Вольгі Сямёнаўны і Уладзіміра Анатольевіча Бандарэнкаў – танцавала амаль ўся вёска. Болей бы такіх прыемных нагод. Каб жыў Пудакоў.

Тэкст і фота Наталлі Чэкан.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *