У Хойніках прайшоў мітынг-рэквіем

Да Дня Вялікай Перамогі Рэха падзеі

митинг-1

Мітынг на Брацкай магіле 22 чэрвеня пачаўся з гучнага голасу знакамітага савецкага дыктара Юрыя Левітана, які вяшчаў пра пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Кожны сказ гэтай горкай навіны быццам адбіваецца ў сэрцы трывогай, няхай нават гэта адбылося не з намі.

З таго страшнага дня прайшло 75 гадоў, і кожнае 22 чэрвеня краіна адзначае Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Напамінам пра трагедыю на мітынгу служыў вечны агонь, яго полымя стала сімвалам вечнай памяць пра вялізарныя чалавечыя страты ў вайне. Каля пліт з імёнамі закатаваных хайнічан дзяжурыў ганаровы караул.

м-3

У якасці спецыяльных гасцей на мітынгу прысутнічалі ветэраны – у свой час яны былі ўзнагароджаны за добрасумленную працу ў тыле, а цяпер разам з усімі смуткуюць па загінуўшых ад бязлітасных рук нямецка-фашысцкіх карнікаў. Нават вялікая спёка не прымусіла людзей паважанага ўзросту застацца дома – іх вельмі чакалі там, каля помніка.

м-2

На ўскладанне кветак да мемарыялу сабраліся шматлікія прадстаўнікі працоўных калектываў, навучэнцы прафліцэя, школьнікі. З прамовай выступіла намеснік старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўская, пасля чаго ад райвыканкама да пастаменту ўсклалі вянок у гонар загінуўшых на вайне землякоў.

Хвілінай маўчання хайнічане завяршылі мітынг-рэквіем і пакінулі на гранітных плітах помніка жывыя кветкі.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *