Чарнобыльскія дзённікі: маладосць перамагала страх – любоў да сваіх мясцін скарыла жыхара Хойнікшчыны Міхаіла Аўдзеенку

Чарнобыльскія дзённікі

Жыхар Хойнікшчыны Міхаіл Аўдзеенка больш за 30 гадоў беражэ адну з узнагарод – бліскучы, нібы новы, медаль «Удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС».

Яго мужчына атрымаў у 1992 годзе. Уручылі ўзнагароду не ў святочных абставінах, пад апладысменты землякоў, а на афіцыйнай нарадзе ў райвыканкаме. Як і пасведчанне ліквідатара па артыкуле 19. – Тады мы і не чакалі нечага іншага: надта шмат было работы, – сціпла пазначае мой герой.

Ураджэнец вёскі Рашаў, Міхаіл Іванавіч у 1986 годзе атрымаў новы дом у суседняй Амелькаўшчыне. Уявіце: малады і поўны сіл мужчына, побач любімая жонка і маленькі сыночак Дзімка, якому крыху за паўгодзіка. Сам Міхаіл Аўдзеенка – галоўны заатэхнік калгаса «Шлях Леніна» і быццам наперадзе толькі лепшае.

– Пра тое, што на ЧАЭС здарылася моцная аварыя, даведаліся ад участковага інспектара, – успамінае сёння мужчына. – Міліцыянер абыходзіў домаўладанні 1 мая, пасля святочнай дэманстрацыі, каб папярэдзіць усіх вяскоўцаў пра неабходнасць эвакуацыі для дзяцей і маладых матуль з малышамі. І жонцы давялося збірацца ў дарогу: паехала ў Гомель да сястры.

Трэба ведаць самога Міхаіла Аўдзеенку, каб не здзівіцца, што хто-хто, а ён у той няпросты час не выказаў панікі ці жаху. Армейская служба палешука прайшла на ваенна-марскім флоце, у Мурманскай вобласці, дзе пашчасціла тройчы хадзіць у мора на атамнай падводнай лодцы. Таму веды аб радыяцыі і мерах прафілактыкі Міхаіл ведаў на выдатна і карыстаўся імі.

Хутка палова населеных пунктаў Хойнікшчыны спусцела. Ні дзіцячага смеху, ні песень пад гітару ад моладзі – засталіся толькі адказныя работнікі калгасаў і афіціыйных устаноў. У іх ліку Міхаіл Іванавіч, які разам з калегамі займаўся эвакуацыяй буйнай рагатай жывёлы з адселеных вёсак. Кожны дзень быў падобны на іншы: начныя дзяжурствы ў канторы, каб кожную гадзіну перадаваць дадзеныя ў раённы штаб, удзень – прафесійныя абавязкі, а яшчэ камандзіроўкі ў Масаны і Уласы. Вялізнай аўтакалонай рухаліся хайнічане туды, каб назад везці кароў і быкоў далей ад бяды. За 1986 год герой гэтых радкоў зрабіў 13 выездаў. Стала звычкай – паехаць ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі, атрымаць там заданне, далей у міліцыю – за пропускам, а потым на эвакуацыю. У зоне ў той час – адны ваенныя, толькі рознай геаграфіі. Назад – праз станцыю дэзактывацыі, дзе густой пенай мылі транспарт. А навокал – нябачны вораг.

Што дапамагала не адчайвацца? Вочы суразмоўцы на секунду здзіўленыя: «Як што? Маладосць! Мы ў аўтакалоне ўсе – да 30 гадоў, энергія буйная, не спаць маглі суткамі і ўсё роўна на пазітыве». Міхаіл імкнуўся як мага часцей тэлефанаваць да родных, даведвацца, як першынец сябе адчувае.

У канцы жніўня некаторыя хайнічане сталі вяртацца назад. Родныя Рашаў і Амелькаўшчына з 1991 года спусцелі назаўсёды. Ды і сям’я Аўдзеенка ў 1987 годзе паехала ў Барысаўскі раён. Але праз паўтара года вярнуліся: Радзіма паклікала, запрашалі назад і бацькі. Так, у 1988 годзе муж і жонка прыехалі і сталі жыць у Слабажанцы, дзе і сёння застаюцца. З тых часоў сям’я значна павялічылася: нарадзілася дачушка Марынка, далучыліся пляменнікі. Сёння вакол любімага дзядулі Мішы многа ўнукаў, ды і сам зямляк актыўнасці не збаўляе: працуе інжынерам па ахове працы СДЮШАР раёна.

У родную вёску душа і сэрца так і цягнуць. Ды мужчына гэтаму не працівіцца. Наадварот, сустракаецца там з аднакласнікамі на прастольнае рашаўскае свята – яно там адзначалася на Прачысту ў жніўні.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *