Доўгажыхарка з Хойнік Я.Р. Бордак: выпрабаванням не скарылася

Да Дня Вялікай Перамогі Людзі і лёсы

бабушка

На долю людзей старэйшага пакалення выпала нямала выпрабаванняў і пакут: і прымусовая калектывізацыя, і жахі Другой сусветнай вайны, і пасляваенная разруха. Але гэтыя страшныя жыццёвыя нягоды не здолелі ачарсцвіць іх сэрцы, і праз увесь свой лёс нашы матулі і бабулі, нашы бацькі і дзеды пранеслі самыя прыгожыя чалавечыя пачуцці – любоў і пяшчоту да сваіх блізкіх, ды і ўвогуле, да ўсяго жывога, дабрыню і спагаду, рамантычнае каханне і вернасць. Менавіта да такіх людзей можна аднесці жыхарку нашага горада Яўгенію Рыгораўну Бордак.

Нарадзілася яна ў вёсцы Лісцвін у далёкім 1930-м годзе, расла ў шматдзетнай сялянскай сям’і, у якой разам з Яўгеніяй было яшчэ двое братоў і тры сястры. Жылі небагата, але і не галадалі, працавалі ад ранку да позняга вечара – як на калгасных палетках, так і па ўласнай гаспадарцы.
Бяда прыйшла адкуль не чакалі – гаспадарку абвясцілі кулацкай, маёмасць і дом канфіскавалі, а бацьку саслалі ў далёкі Котлас Архангельскай вобласці.
Маці з 6 дзецьмі давялося туліцца ў зямлянцы. Справіліся і з гэтай нягодай, пабудавалі новае жыллё, аднак пасля акупацыі ў хаце пасяліліся новыя нямецкія гаспадары, а сям’і зноў давялося перабрацца ў зямлянку.
Потым была светлая радасць вызвалення, а далей – праца, праца і праца. Для таго каб дапамагчы сям’і пракарміцца, Яўгеніі давялося пасля заканчэння 3 класаў пакінуць заняткі ў школе ў Мархлеўску і пайсці працаваць на будоўлю новага масласырзавода ў Хойніках. Выпадкова альбо не, але гэтае прадпрыемства на ўсё жыццё стала лёсам жанчыны: тут яна працавала ўвесь час да закрыцця прадпрыемства і пераносу вытворчасці на сённяшняе ПВУ ААТ «Мілкавіта». А да выхаду на заслужаны адпачынак Яўгенія Рыгораўна яшчэ два гады асвойвала новыя тэхналогіі на толькі-толькі пабудаваным сыраробным камбінаце.
Працавала жанчына так, што і на старым, і на новым прадпрыемствах яе фотаздымак не сыходзіў з Дошкі гонару прадпрыемства. Успамінае яшчэ адзін ветэран вытворчасці, былы кіраўнік прадпрыемства, Арнольд Міхайлавіч Літвак.
– Яўгенію Рыгораўну Бордак я заўсёды ўспамінаю з асаблівай павагай і цеплынёй. З ёй было лёгка і прыемна працаваць: яна ніколі не цуралася ніякай работы, не скардзілася на цяжкасці і ўсё рабіла так, што кантраляваць яе не был патрэбы. Свае энтузіязм і запал яна з лёгкасцю перадавала таварышам па рабоце, а таму такія людзі, як Я.Р. Бордак, бясцэнныя для любога калектыву.
Не ўсё проста складвалася і ў асабістым жыцці Яўгеніі Рыгораўны. Раптоўна загінуў муж Аляксандр Максімавіч, з якім пражылі ў ладзе і згодзе амаль чатыры дзесяцігоддзі. А 5 год таму не стала і сына Вячаслава. Але засталася яго сям’я, як і і сем’і яшчэ двух братоў – Аляксандра і Юрыя, а таксама дачкі Любові. Усе яны вельмі любяць і паважаюць Яўгенію Рыгораўну за працавітасць, дабрыню і шчырасць, мацярынскую любоў і ласку. А таксама – за прыгожы, мілагучны яшчэ і сёння голас, за тое, што ведае безліч народных песень, якімі радавала іх у маленстве, і якія можа праспяваць і сёння.
У мінулым годзе адзначыла гэтая цудоўная жанчына свой 85-гадовы юбілей. І хаця здароўе ўжо далёка не тое, як раней, бадзёрыцца і выглядае малайцом яна і сёння. Штодзённа адведваюць яе дзеці, унукі і праўнукі. Разам з імі пажадаем і мы ёй здароўя, сіл і яшчэ доўгіх-доўгіх год жыцця. Думаецца, што менавіта такія людзі, як Яўгенія Рыгораўна Бордак, простыя, сціплыя і працавітыя, і ёсць галоўнае багацце зямлі нашай.
Віктар Назаранка.
Фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *