Лёс не шкадаваў, але яна не скардзілася

75 - под мирным небом

Неяк так атрымліваецца, што самымі моцнымі духам па жыцці аказваюцца тыя, на чыю долю выпадае шмат выпрабаванняў. Але такія людзі не скардзяцца, не схіляюць галавы, а пераадольваюць усе перашкоды.

Адна з такіх не зломленых цяжкасцямі і турботамі – жыхарка н.п. Паселічы Марыя Аляксееўна Пінчук. Расказаў нам аб яе жыцці сын Васілій, які з далёкага Магадану прыехаў да маці на юбілей. Дарэчы, далучаемся да віншаванняў. Паважаная Марыя Аляксееўна, здароўя Вам моцнага.

Нарадзілася Марыя 13 студзеня 1930 года ў н.п. Звяняцкае. У сям’і было 10 дзяцей. Маці з бацькам, Малання Ульянаўна і Аляксей Карпавіч Бандарэнкі, працавалі ад зары да зары, бацька вельмі добрым трактарыстам быў, дзяцей выхоўвалі, марылі аб лепшым будучым для іх. Усе планы парушыла вайна. Бацька і старэйшы брат Віктар амаль у першыя дні былі прызваны ў армію, ды ў хуткім часе і загінулі.

Маці «паднімала» дзяцей сама. Марыя, як адна са старэйшых, пасля вайны не ў школу пайшла, а працаваць. А працаваць давялося многа. Час такі быў, нікога не шкадаваў, маладыя дзяўчаты выконвалі такую работу, якую зараз, пэўна, не кожны мужчына выканае.

Аднак маладосць брала сваё: не паспеўшы адпачыць, беглі на вячоркі, пелі песні пад гармонь, знаёміліся, стваралі сем’і. Так Марыя звязала свой лёс з Аляксандрам Пінчуком з гэтай жа вёскі. Шэсць сыноў нарадзілася ў сям’і. Аднак выпрабаванні не заканчваліся. Захварэў сямігадовы сын, выратаваць не ўдалося. Мужа не стала ў 77-м годзе. Яшчэ адзін сын загінуў у Афганістане. З-за аварыі на ЧАЭС прыйшлося пакінуць радзіму і пераехаць у Акцябрскі раён. Аднак настальгія цягнула на радзіму, і гадоў 7 таму Марыя Аляксееўна вярнулася, пасялілася ў Паселічах. На жаль, за гэты час яшчэ дзвух сыноў не стала. Аднак, 13 унукаў і 15 праўнукаў – галоўны здабытак ветэрана працы 90-гадовай Марыі Аляксееўны Пінчук. І, нягледзячы ні на што, узгадваюцца ёй толькі добрыя моманты.

Ганна КАЛІНІНА, юнкар.

Фота Алега ЗУБКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *