Беларусь турыстычная: в. Станькава, Дзяржынскі раён, Мінская вобласць

Беларусь турыстычная

Расказвае Ала Піляк:

— 6 і 7 студзеня пабывалі ў сапраўды цікавым месцы – Цэнтры экалагічнага турызму «Станькава».

На выхадных з дачкой Вікторыяй і ўнучкамі Машай і Аняй паехалі да маёй сястры ў Мінск. А яна з пляменніцай арганізавала для нас паездку ў гэты Цэнтр, які знаходзіцца ў Дзяржынскім раёне ў в. Станькава.

Мы не толькі паназіралі за жывёламі, пагулялі па цудоўнай тэрыторыі, але і на навагодняе прадстаўленне трапілі.

У 2008 годзе пачалося будаўніцтва Цэнтра экалагічнага турызму, а першых наведвальнікаў ён прыняў у 2011 годзе. Плошча яго 360 га.

У заасадзе прадстаўлена больш за 40 відаў птушак і млекакормячых розных парод, можна ўбачыць страусаў, фазанаў, паўлінаў, больш за 15 відаў курэй, мядзведзіцу, лісу, янотаў, зуброў, якаў, высакародных і плямістых аленяў, лам і муфлонаў, тыграў, рысь і льва, якія размешчаны ў сваіх асобных прасторных вальерах з маляўнічымі домікамі.

Па перыметры заасада пракладзены пешаходны маршрут, адкуль любы можа азнаёміцца са звычкамі і жыццём насельнікаў, паблізу, у звыклых для іх умовах.

Уражанні неверагодныя. Прычым не толькі для дзяцей, але і для дарослых. Звяры жывуць вольна, яны не абмежаваны так, як часта бывае ў заапарку, таму выглядаюць значна лепш, такія давольныя жыццём, калі можна так сказаць.

Можна без перашкод карміць і жывёлу, і птушак. Гэтай магчымасцю мы з задавальненнем скарысталіся.

Бачылі сямейства зуброў, стаю ваўкоў, вельмі многа птушак.

Жывёлы не баяцца чалавека, смела падыходзяць да сеткі, нават можна пагладзіць іх.

Не абыйшлося без навагодняй тэматыкі. Кожны год, як нам расказалі, Дзед Мароз рыхтуе незвычайны сюрпрыз. У гэтым годзе ён пастараўся на славу і паклікаў лепшых цыркавых артыстаў свету для таго, каб яны парадавалі сваім выступам рабят, якія чакаюць цудаў і чараўніцтва. Весялілі дзетак казачныя героі – Лялька Лол, Пінкі Пай, Чалавек-Павук, Крыпер- Майнкрафт. Мне яны, канешне, не знаёмыя, але дзеці былі задаволеныя.

Ёсць яшчэ на тэрыторыі «Партызанскі лагер». Гэта рэканструкцыя лагера партызанскіх фарміраванняў перыяду Вялiкай Айчыннай вайны. Мы, на жаль, там не пабылі, але ведаю, што там можна ўбачыць музейныя экспазіцыі, наведаць штабную зямлянку з радыёстанцыяй, зямлянку камандзіра з картамі і марзянкай, паглядзець, як жыў радавы склад, што ўяўляла сабою друкарня, дзе знаходзіўся каравул, зброевую майстэрню з самаробнымі аўтаматамі таго часу, лясную школу і санчастку.

Запісаў Нікіта РЭУТ, юнкар.

Фото А. ПІЛЯК і з інтэрнэту.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *