Палескі вытворчы ўчастак ААТ «Мілкавіта»: ад «Пашэхонскага» да «Пармезана»

25 крокаў на шляху Незалежнасці

Будаўніцтва малочнага завода паклала пачатак новай эпохі ў гісторыі нашага раёна.

У лістападзе 1984 года адбыўся запуск сыраробнага камбіната. Завод прадаставіў новыя працоўныя месцы для спецыялістаў Хойнікшчыны. Да красавіка 1986 года камбінат выйшаў на вытворчую магутнасць 20 тон сыру ў суткі.

26 красавіка 1986 года адбылася самая жудасная тэхнагенная катастрофа 20 стагоддзя, якая цалкам змяніла лёсы многіх хайнічан, «скрала» з абароту тысячы гектар урадлівых зямель і перакрэсліла харчовую прамысловасць у раёне – аварыя на Чарнобыльскай АЭС. На працягу некалькіх дзён работнікі прадпрыемства не разумелі, чаму сырнае зерне не фармавалася ў сырныя галоўкі. Неўзабаве пасля высвятлення абставін вытворчасць сыру на заводзе была неадкладна спынена.

«Чорная быль» не зламала малочную галіну. Пачалася маштабная рэканструкцыя плошчаў сырцэха ў цэх па вытворчасці казеіну, які быў запушчаны ў эксплуатацыю ў канцы 1989 года. У 2001 годзе пачата вытворчасць тлустага сыру. Увядзенне ў эксплуатацыю новага кампрэсарнага цэха дазволіла прадпрыемству штодня эканоміць 1,2 МВт электраэнергіі. У 2007 годзе праведзена замена абсталявання па вытворчасці натуральнамалочнай прадукцыі. На прылаўках мясцовых гандлёвых аб’ектаў з’явілася выпускаемая па традыцыйных рэцэптах малочная прадукцыя завода з даданнем біфідабактэрый, малако і кісламалочны напітак з лактулозай.

Ажыццяўляюцца пастаўкі прадукцыі завода на экспарт у Расію, Украіну, Казахстан, Кіргізію. Адкрываюць свой рынак Польшча, Германія, Сінгапур.

У 2008 годзе за высокую якасць прадукцыя завода ўдастоена звання Лаўрэата «Лепшы прадукт года Рэспублікі Беларусь» і «Лепшы прадукт года Расійскай Федэрацыі». Сыр «Эмілорд» 45% тлустасці атрымаў залаты медаль і Ганаровы дыплом на міжнароднай выставе-кірмашы «Лепшая прадукцыя ў Маскве-2009».

У 2014 годзе праведзена маштабная мадэрнізацыя старога сырцэха, устаноўлена новае польскае аўтаматызаванае абсталяванне. Дзякуючы гэтаму, у 2015 годзе стала магчымым асвоіць і ўкараніць вытворчасць новых сыроў элітнай групы: «Пармезан», «Грювер», «Францыск», «Гранд Бірагі», якія карыстаюцца попытам не толькі ў жыхароў нашага раёну, але і ў гасцей з бліжняга і дальняга замежжа.

Ішлі гады, адна назва завода змяняла іншую, прыходзілі кіраўнікі, прыўносячы бясцэнны вопыт. На сённяшні дзень Палескі вытворчы ўчастак ААТ «Мілкавіта» з’яўляецца прадпрыемствам па вытворчасці шырокага асартыменту малочнай прадукцыі, якая адпавядае ўсім сучасным міжнародным патрабаванням і нормам якасці.

Алег ЗУБОК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *